
Перад вачмi рыжавусага Захарука, што першы зь Лiтўцаў прыбег на месца злачыну, адкрыўся несамавiты вобраз. На новазбудаванай браме пад самым партрэтам Сталiна вiсела жанчына, а на гасьцiнцы тузалiся й пыхцелi, як кавальскiя мяхi, Сабакевiч i Шпунт. З дурнаватай мiнай прыглядаўся iм збоку Павалiцкi Хведар. Не марудзячы, Захарук кiнуўся разбараняць дзяцюкоў. Левай рукой узяў за плячо Косьцiка, а правай за Лявона й разлучыў iх як дзьве недарэчныя жабоцькi. Зьбянтэжаныя вочы дзяцюкоў ськiравалiся на вялiкага шыракаплечага дзядзьку, што iх так бясцырымонна разьвёў ды цяпер мерыў абвiнавальным позiркам.
- Гэта вы што, хлопцы, здурэлi цi якой трасцы? Што гэта тутака ў вас робiцца? Нашто брама гэта? Хто бабу павесiў? - паказаў Захарук таўстым, рудым ад табачнага дыму пальцам на Макатунiшку.
Лявон закашляўся i ўпiхаў у штаны кашулю, трос галавою, каб адкiнуць назад непаслухмяныя валосы. Быццам злачынец, Косьцiк вiнавата пазiраў то на найдужэйшага ў вёсцы гаспадара, то на Лявона, то на браму. Маленькая макулiнка чалавечае годнасьцi, што захавалася нейдзе глыбака ў Косьцiкавай натуры, паставiла яго, распранутага да поўнай духовай галечы, перад дакорлiвымi вачмi лiтоўскага асiлка. Каб сiлу меў, не сьцярпеў-бы. Сьвярбела правая рука. Як бабахнуў-бы гэтаму самаўпэўненаму дзядзьку здаравенную аплявуху, як закрыў-бы гэныя дакорлiвыя колкiя вочы! Што яму да таго, што тут сталася? Чаго так рана прынесла яго сюды нейкая трасца на мiравога пасрэднiка.
Як нiколi ў жыцьцi, адчуў Сабакевiч сваю фiзычную слабасьць i маральную нiкчэмнасьць. Тлумач ты цяпер во гэтаму дзёрзкаму мужыку, дый во гэным людзям, што ўжо да гасьцiнцу зь вёскi наблiжаюцца, што, як i чаму гэтта адбылося. Збыўшы Захарука маўчаньнем, Косьцiк разглядаўся навокал. Ля абочыны гасьцiнца знайшоў раструшчаны абрэз. Захарук падыйшоў да Павалiцкага Хвёдара.
- Можа ты, Хвёдар, скажаш што тут сталася?
Хведар памарудзiў.
- Цэлую, братка, ноч браму строiлi. Нас трох i Макатунiшка. Сягоньнiка рускiя прыйсьцi маюць. Ранiцы нячыстыя сiлы копаўцаў нарвалiся. Мы ўсьпелi ў лес уцячы, а яе павесiлi.
