
У Павалiцкага Хведара пад тонкiм гарбатым носам i маленькiмi чорнымi вусiкамi сьцiснулiся тонкiя вусны. Ледзь заўважна варушыўся малы войстры падбародак. Нэрвова дрыгала галава. Рудыя звужаныя вочкi то коўзалi па павешанай Парасцы, то па сваiх сяброх. Ростам быў найменшы з трох, выглядам - дробны, такi, якога мала хто бярэ на ўвагу.
У "драгомiшча" Шпунта над вузкiм лбом i замурзаным тварам навiсла тоўстае пасма ясных валасоў. Твар зморшчыўся, а перапалох у блакiтных вачох зьмянiўся загадкавай няўцямнасьцю. Карэлая сьветлая кашуля зь цёмнасiнiмi палоскамi недарэчна спаўзла на левае плячо, з-пад шырока расшпiленага прарэха каўняра вызiралi рэдкiя рудыя касмылi. Глыбока ўсунутыя ў кiшэнi рукi то сьцiскалiся ў кулакi, то адчынялiся. Тысячы мурашак вандравалi па целе.
Здавалася, што прытаiлiся ў лесе птушкi, прыцiхлi па хутарох сабакi. Адно дзесьцi ля балота пенiўся на ланцугу таўстым басам Сабакевiчаў Ромак. У вушах усё яшчэ гучэлi адгалоскi стралянiны й гарканьня КОПаўцаў. Доўга трывала маўчаньне. Над сьветлай явай вялiкага дня вызваленьня павiс дзявочы цень.
Лявон Шпунт зарагатаў раптоўна й гвалтоўна, ажно адскочылi ў бакi ягоныя сябры.
- Гэ-гэ-гэ-гэ! От-жа i ўкрасiлi сссукiны ссыны! Гэ-гэ-гэ! На самай сярэдзiне, пад Сталiнам нячысьцiкi! Гэ-гэ-гэ!
Рогат да болю глыбока тузаў высокую Лявонаву фiгуру, гарляк душыўся раптоўнымi гукамi, лес дражнiў глухiм рэхам. Гэта быў наглы рогат звар'яцелага чалавека, што выцягнуўшы руку па ўзнагароду атрымаў па шчацэ ёмiстую аплявуху.
- Маўчы, дурань! - сьцiснуўшы зубы, раўнуў Сабакевiч. - Ашалеў, цi што?
У Сабакевiчавых вачох зазьзялi маланкi. Рукамi як клешчамi ўчапiўся за Шпунта й пачаў трэсьцi быццам яблыню, калi ззамоладу чужыя сады латашыў. Здавалася, што ад трасеньня гэнага зломiцца Лявонава шыя. Даўгiя валосы рассыпалiся, вочы наплылi сьлязьмi, твар пачырванеў.
- Пiра... пiра-сс-тань, Косьцiк! - ледзь выцадзiў праз зубы Лявон.
- Маўчы, кажу табе! - хрыпеў паднечаны Сабакевiч.
