Дзед стаяў i думаў. Цi ўяўляў, што такога дажыве?

- А гэтта-ж Пiлiпаў Арсень прыбягаў ды казаў, што старэйшую Макатунiшку палякi павесiлi. Праўда гэта?

- Павесiлi. На самай браме пад Сталiнам, - паясьнiў Алесь.

- На каторай гэта браме?

- Ды на гэнай, што во гэтыя тры галадранцы - Косьцiк, Лявон i Хведар Павалiцкi - за ноч пастроiлi. Дзяўчына-ж iм памагала.

- Госпадзi мой, спасi душу яе, - перахрысьцiўся стары. - А як-жа яны яе? Дзе-ж тыя галадранцы былi? Чаму нi баранiлi яе, каб iх макарэц спапялiў.

- Тамака-ж i былi, а дзе-ж... Ды як нарвалiся палякi, копаўцы гэтыя значыцца, - гэтак нам людзi расказвалi - дык дзяцюкi ў штаны панапускалi, у кусты ходу, от як...

Журботнае бомбканьне дубовiцкiх званоў спынiлася.

- Спасi, Госпадзi, душу ейную, - крактаў дзед Якуб. - Якая яна там нi была, але цi-ж так можна?

Заварожаныя патокам пасьпеўшых падзеяў, стаялi пасярод вулiцы.

- Ты, дзеду, самы ў нас найразумнейшы. Скажы во што настанiць цяперака. Ты-ж некалi ў Расеi быў. Палепшаiць цi пагоршаiць? - пацiкавiўся Алесь.

Дзед хмыкнуў, пальцам пакалупаў пад сьвiткай за паясьнiцай, ды бледнымi ясна-блакiтнымi вачмi пазiраў дзесь у бок Лiпавiчаў.

- Як гэта вам, братцы, сказаць? Хто-ж яго знаiць... Некалi вуньдзiка сама Расея нi тая была. Многа вады з таго часу, як мяне чэрцi на канец сьвету загналi, сплыло. Пры цары-ж - сам знаiш - людзi ў Бога верылi. А гэтыя мусiць чорта на покуцi пасадзiлi. А там, дзе чорт гаспадарыць, дык цi прыходзiцца чаго добрага ждаць? У чорта ўсё пачартоўску. Гэтулькi магу вам, братцы, цяперака сказаць. Пажывём ды ўвiдзiм, як тая прыказка кажыць. Доўга можа i ждаць ня прыдзiцца.

Дзесь з-за Гараваткi даляцеў да вушэй iхных зусiм iншы гул. Янук першы падняў на неба вочы. Натупырыўся й Тапсiк. Зусiм нiзка з-за сугра выплыў вялiкi, з чырвонымi зоркамi на крыльлях, самалёт. Ужо пралятаючы над самай вёскай, пачуўся лёгкi стрэл. З жывата ягонага, як мак, пасыпалася нешта дробнае.



27 из 300