
- Тата, тата! - усхапiўся Янук, - iраплан нешта кiнуў! Вiдзiш вунь? Гляньце, гляньце!
- Чаму-ж ня вiджу? Паперкi нейкiя.
Янук, Мiкола й Надзя пагналiся за паперкамi. Нiкуды ня трэба было бегчы. Паперкi асядалi на стрэхах, падалi на вулiцу.
Захарукоў Пятро, калупаючы ў носе, паволi шкандыбаў у гэты бок з другога канца вёскi. Спынiўся, лыпнуў вачмi, спасьцярогшы "манну зь неба". Лавiў i камшыў паперкi ў карэлай руцэ.
Ад бальшака пачуўся грукат каляскi. Спанукаючы гнядога, сьпяшыў на гасьцiнец Захарук, каб забраць труп Макатунiшкi. Людзi адыйшлiся на бок, каб даць яму дарогу. Алесь стрымаў Захарука рухам рукi.
- Гэта ты па пакойнiцу? - спытаў.
- Ага, папрасiла-ж старая.
- А хто-ж гэта пахаваць? Сама Макатунiха рады нi дасьць.
Лейцамi стрымлiваў Захарук нецярплiвага конiка, што ёмка сьцёбаў хвастом па баках.
- Дык брат-жа ў яе ёсьць. А гэтыя во гяроi што, нi памогуць?
- Ты думаеш пра нашых камунiстаў?
- Ну а каго-ж... За iх-жа дзяўчына галавой налажыла. Дый мы-ж нi калекi. Трэба бабе памагчы.
Афiшкi, ськiнутыя з самалёту, усё яшчэ падалi. Захарук узяў адну, што трапiла на воз, ды разглядаў яе.
- Вы гляньце, а гэта што?
- Нешта можа цiкавае. трэба во пачытаць, - сказаў Пракоп.
- Ну, братцы, нiма мне часу. Тамака ждалi й пiраждалi мяне. Як прачытаеце, раскажаце. Дый заглянiце там пасьля да Макатуноў.
Захарук зiрнуў на сына, што стаяў побач, памкнуўся нешта сказаць, ды ёмка сьвiснуў кароценькай пугай i гняды раптоўна тузануў зь месца. У доктаравым дварэ стаялi дзьве хурманкi. Праз адчыненыя вароты й доктарава поле накiраваўся Захарук на гасьцiнец.
- Ну дык, Пракоп, ты найболi з нас паруску граматны. Прачытай што тут пiшуць, - спанукаў Алесь.
Кажны трымаў прынамсi па аднэй афiшцы ў руцэ, але цяпер усе пазiралi на Пракопа.
- Даўно-ж i я, братцы, паруску чытаў, - тлумачыў Бахмач, разглядаючы афiшку. - Чакайце, алi-ж гэта нi паруску, а панашаму, значыцца пабiларуску, яй Богу! - зьдзiвiўся Пракоп.
