
Яшчэ на хаду пасаскаквалi жаўнеры з самакатаў i колькi раптоўных стрэлаў сьцебанула па прыдарожных кустох i дрэвах.
- Не страляць! - раўнуў рослы, мурлаты капiтан. - Псякрэў, бальшавiкi! Чорта якога цяпер у лесе знойдзеш, - плюнуў ён сакавiта ў той бок, куды дзяцюкi скрылiся. Вочы ўсiх жаўнераў, - а было iх больш дзесяцi, - прагна ўпiлiся ў Параску, што асiнавым лiстом дрыжэла ўверсе над групай помстай дыхаючых КОПаўцаў.
Наладаваная вайсковымi трантамi й амунiцыяй каляска спынiлася ззаду. Спакойна жваў даўгую саломiну й лейцамi стрымлiваў двух прыгожых коняў, выгадна расьсеўшыся на козлах здаравяка-хурман. Вiдаць пры доглядзе коняў зашмальцаваў свой зялёны мундзiр. Конi нецярплiва жвалi цуглi, топалi ў гужох, а белая пена з храпаў камякамi спадала на жвiр гасьцiнца.
Аддыхаючы з хуткага бегу, жаўнеры стаўпiлiся каля брамы. Некаторыя закурывалi. Твары прамянiлiся ўсьмешкамi, што бываюць у паляўнiчых, калi зьвер у пастку трапiць.
- Матка боская чанстахоўская, Ёзус Марыя! То ўжо скурчы сыны бальшавiкоў спатыкаць прыгатавалiся. Бачылi вы такое? Трэба было iх усiх, як скурчых сыноў, даўно перадушыць!
- Гэта толькi што нашы польскiя сэрцы добрыя! Мы да iх як ласкавая матка, а яны нам нажы ў сьпiны рыхтавалi.
Асаблiва злосна бурчэў i лаяўся прысядзiсты, з маленькiмi рыжанькiмi вусiкамi дзядзька.
- Але-ж i папалася птушанё. Ну таго... дык чаго гэта чакаем, пане капiтан?
Ледзь прытомная ад жаху Параска памкнулася ў вадзiн i другi бок, але ацяжэлыя ногi й галава нiяк не маглi наважыцца што рабiць.
- Гм, брама даволi хлёсткая, але мне здаецца, што на ёй дэкарацыяў замала, - зьедлiва ўсьмiхнуўся афiцэр i яшчэ больш на правы бок сваю круглую шапку ссунуў. - Як думаеце хлопцы?
