Здагадлiвасьць распрамянiла сяржантаў твар.

- Яшчэ от хоць-бы адну дэкарацыю на ёй павесiць, - пацёр ён далонi. Хлопцы, вяровачку!

- Злазь мiгам! - шорсткiм голасам загадаў капiтан Парасцы.

Калi Макатунiшка адубелымi нагамi пачала нарэшце ступаць па драбiне, капiтан гукнуў на хурмана.

- Пад'яжджай, Яцак!

Як успыхвае раптоўным полымем сухая салома, гэтак ажыла грамада КОПаўцаў. Ня здолела Макатунiшка дабрацца да нiжнiх ступнёў драбiны, як некалькi рук учапiлiся за ейныя ногi й вопратку. Цягнулi й тузалi, суправодзячы голаснай лаянкай, у каторай дамiнавала-грымела лiтара "р".

Мiгам апынулася Макатунiшка на возе. Хтосьцi балюча вывiхнуў i ззаду трымаў ейныя рукi. Зьмейкай узьвiўся над верхняй жардзiнай брамы таўставаты гуж i неўзабаве хлёсткая добра зьвязаная пятля лашчыла гладкую, польнымi вятрамi й сонцам цалаваную, дзяўчынiну шыю.

- Паночак, даруй! Я-ж ня вiнаватая, мне загадалi... Злавiце iх, дрыготкiм голасам прасiлася Параска.

- Маўчаць, хамка-бальшавiчка! - гаркнуў афiцэр. - Будзеш спатыкаць бальшавiкоў на пачэсным месцы.

Прарэзьлiвы рогат дзiкiм рэхам скалануў лес.

- Пане сяржант, гатоў? - спытаў афiцэр сяржанта.

- Так ест, пане капiтан, - запэўнiў падафiцэр, зацiскаючы на Парасчынай шыi пятлю.

- Яцак, iрванi зь месца!

Спакойны й зроўнаважаны хурман, што маўклiва прыглядаўся падрыхтоўчай мiтусьнi, рэзкiм махам даўгоў пугi сьцебануў па конях. Парэпаныя босыя Парасчыны ногi задрыгалi ў паветры. Угнулася пад раптоўным цяжарам жардзiна, моцна ўрэзалася ў шыю пятля, болем скрывiўся дзявочы твар.

Ледзь здолеў лес паўтарыць радасны воклiч жаўнераў, як чарга стрэлаў загуляла па партрэце Сталiна й чырвоным палатне. Ёмка загаўкалi па хутарох сабакi.

Стукнутая моцным жаўнерскiм чаравiком, паляцела з-пад брамы драбiна. Косьцiкаву абрэзу так i не далося свайму гаспадару ў крытычны момант пасобiць. Агледзiўшы яго, жаўнер размахнуўся й стукнуў аб кола й кароткая руля разьвiталася з прыкладам.



8 из 300