- У дарогу жвавей! Няма часу! - спахапiўся капiтан.

Цi трэба было падганяць. Страх, як мудрасьць адвечная кажа, вялiкiя крыльлi мае. Мiгам запылiлi па гасьцiнцы самакаты й загрукалi калёсы. Каб вешацелi замарудзiлi крыху, не абыйсьцiся iм бязь сьветкаў свайго злачыну.

Пад прастрэленым партрэтам тупатварага дэспата супакоiлася ў вабдымках хуткае сьмерцi цела Макатунiшкi. Вялiкi палец правай нагi чамусьцi недарэчна задраўся ўверх. Сонцам золатам аблiло раськiданыя мяккiя пушыстыя валасы, пётлёй задраны ўверх падбародак.

На абочыне гасьцiнца зашалясьцелi кусты й нясьмела, пазладзейску азiраючыся на бакi, паказалася "баявая" тройка.

3

У тую ноч, калi на гацкiм гасьцiнцу расла трыюмфальная брама, трывога сагнала сон з павекаў старое Макатунiхi. Учора напрыцемку, спарадкаваўшы гаспадарку, падыйшла да маткi Параска.

- Мама я йду памагаць, - сказала.

- Куды? Што каму памагаць? - зьдзiвiлася матка.

Хаця цi мусiла дзiвiцца. Параска даўно па начох валачылася ды афiшкi цi якую трасцу разносiла. Прызнаць трэба, што высьцерагалася, каб свае сям'i пад палiцыйны абух ня ставiць. Дзяўчына маўклiвая, навет з маткай на словы скупiлася. Людзей не агiтавала, адно пачкi нейкiх бальшавiцкiх паперак цi наказы ад аднаго да iншага дастаўляла. Ногi хаджалыя сьлядзiлi сьцежкi й дарожкi ў суседнiя вёскi, фальваркi й маёнткi. Ноч заслонай i памочнiкам была.

- Сягоньнiка браму на гасьцiнцы строiць будуць, заўтрака бальшавiкi прыдуць, - суха паведамiла дачка мацi.

Старая Макатунiха рот разiнула. Стаялi на двары. Малыя ваконцы хаты хлiпалi сьвятлом каганца. За дзьвярмi Аленiн голас патолiў крыклiвае малое. На ўзгорку ля Пятуховай хаты наперамену зь лякатаньнем колаў бубнелi два мужчынскiя басы. У Бураковым двары злосна накiнуўся на некага Сабакевiчаў Ромак. Зь цеменi ад бальшака борздым крокам сьпяшыла дахаты Дуня, што надвячоркам да Юшкевiчавай Клавы пайшла.



9 из 300