Ён пакланiўся шаноўнай публiцы i сказаў сумна:

- Добры дзень, мяне завуць П'еро... Зараз мы пакажам вам камедыю пад назвай: "Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi, або Трыццаць тры разы па карку". Мяне будуць лупцаваць палкай, даваць аплявухi i бiць па карку. Гэта вельмi смешная камедыя...

З-за другога кардоннага дрэва выскачыў другi чалавек, увесь у клетку, як шахматная дошка.

Ён пакланiўся шаноўнай публiцы:

- Добры дзень, я - Арлекiн!

Пасля гэтага павярнуўся да П'еро i даў яму дзве аплявухi, такiя звонкiя, што ў таго са шчок пасыпалася пудра.

- Ты чаго хныкаеш, дурнiца?

- Я сумны таму, што я хачу жанiцца, - адказаў П'еро.

- А чаму ты не ажанiўся?

- Таму што мая нявеста ад мяне збегла...

- Ха-ха-ха, - зайшоўся ад смеху Арлекiн, - бачылi дурнiцу!..

Ён схапiў палку i адлупцаваў П'еро.

- Як завуць тваю нявесту?

- А ты не будзеш больш бiцца?

- Ну не, я яшчэ толькi пачаў.

- У такiм выпадку яе завуць Мальвiна, або дзяўчынка з блакiтнымi валасамi.

- Ха-ха-ха, - зноў зайшоўся Арлекiн i тройчы ўдарыў П'еро па карку. Паслухайце, шаноўная публiка... Ды хiба бываюць дзяўчынкi з блакiтнымi валасамi?

Але тут ён, павярнуўшыся да публiкi, раптам убачыў на пярэдняй лаўцы драўлянага хлапчука з ротам да вушэй, з доўгiм носам, у каўпачку з кутасiкам...

- Глядзiце, гэта Бурацiна! - закрычаў Арлекiн, паказваючы на яго пальцам.

- Жывы Бурацiна! - залямантаваў П'еро, узмахваючы доўгiмi рукавамi.

З-за кардонных дрэў выскачыла мноства лялек - дзяўчынкi ў чорных масках, страшныя барадачы ў каўпаках, калматыя сабакi з гузiкамi замест вачэй, гарбуны з насамi, падобнымi на агурок...

Усе яны падбеглi да свечак, што стаялi ўздоўж рампы, i, углядаючыся, загаманiлi:

- Гэта Бурацiна! Гэта Бурацiна! Да нас, да нас, вясёлы дураслiвец Бурацiна!

Тады ён з лаўкi скочыў на суфлёрскую будку, а з яе на сцэну.



11 из 69