
- Уяўляю, як прыемна будзе твайму бацьку, калi ён даведаецца, што я на табе засмажыў труса i двух куранят. Аап-чхi!
- Мой бедны бацька ўсё роўна хутка памрэ з голаду i холаду. Я яго адзiная падтрымка на старасцi. Пашкадуйце, адпусцiце мяне, сiньёр.
- Дзесяць тысяч чарцей! - зароў Карабас Барабас. - Нi пра якую лiтасць не можа быць i размовы. Трус i кураняты павiнны быць засмажаны. Лезь у камiнак.
- Сiньёр, я не магу гэтага зрабiць.
- Чаму? - спытаў Карабас Барабас толькi для таго, каб Бурацiна вёў далей размову, а не вiшчаў у вушы.
- Сiньёр, я ўжо спрабаваў аднойчы сунуць нос у камiнак i толькi праткнуў дзiрку.
- Што за глупства! - здзiвiўся Карабас Барабас. - Як ты мог носам праткнуць у камiнку дзiрку?
- Таму, сiньёр, што камiнак i кацялок над агнём былi намаляваны на кавалку старога палатна.
- Аап-чхi! - чхнуў Карабас Барабас з такiм шумам, што П'еро адляцеў налева, Арлекiн - направа, а Бурацiна закруцiўся круцёлкай.
- Дзе ты бачыў камiнак, i агонь, i кацялок намаляванымi на кавалку палатна?
- У каморцы майго таты Карла.
- Твой бацька - Карла! - Карабас Барабас усхапiўся з крэсла, узмахнуў рукамi, барада яго разляцелася. - Дык, значыцца, гэта ў каморцы старога Карла знаходзiцца патайная...
Але тут Карабас Барабас, вiдаць, не жадаючы прагаварыцца пра нейкую таямнiцу, абодвума кулакамi заткнуў сабе рот. I так сядзеў нейкi час i глядзеў, вылупiўшы вочы, на пагасаючы агонь.
- Добра, - сказаў ён нарэшце, - я павячэраю недасмажаным трусам i сырымi куранятамi. Я табе дарую жыццё, Бурацiна. Мала таго...
Ён залез пад бараду ў кiшэню камiзэлькi, дастаў пяць залатых манет i падаў iх Бурацiна.
- Мала таго... Вазьмi гэтыя грошы i занясi iх Карла. Пакланiся i скажы, што я прашу яго нi ў якiм разе не памiраць з голаду i холаду i самае галоўнае - не выязджаць з яго каморкi, дзе знаходзiцца камiнак, намаляваны на кавалку старога палатна. Iдзi выспiся i ранiчкай бяжы дадому.
