- Азбуку, - прабурчаў кот Базiлiо i сярдзiта фыркнуў у вусы. - Праз гэтую праклятую навуку я вочы страцiў...

На сухой галiне каля дарогi сядзела пажылая варона. Слухала, слухала i каркнула:

- Няпр-раўда! Няпр-раўда!

Кот Базiлiо адразу ж высока падскочыў, лапай збiў варону з галiны, выдраў ёй паўхваста, - ледзь яна вырвалася. I зноў прыкiнуўся, быццам ён сляпы.

- Вы за што яе так, кот Базiлiо? - здзiўлена спытаў Бурацiна.

- Вочы ж сляпыя, - адказаў кот, - здалося - гэта сабачаня на дрэве...

Пайшлi яны ўтраiх па пыльнай дарозе. Лiсiца сказала:

- Разумненькi, найразумненькi Бурацiна, хацеў бы ты, каб у цябе грошай стала ў дзесяць разоў больш?

- Вядома, хачу! А як гэта робiцца?

- Прасцей простага. Пойдзем з намi.

- Куды?

- У Краiну Дурняў.

Бурацiна крыху падумаў.

- Не, я ўжо лепей цяпер дадому пайду.

- Калi ласка, мы цябе на вяроўцы не цягнем, - сказала лiсiца, - тым горш для цябе.

- Тым горш для цябе, - прабурчаў кот.

- Ты сам сабе вораг, - сказала лiсiца.

- Ты сам сабе вораг, - прабурчаў кот.

- А то б твае пяць залатых ператварылiся ў кучу грошай...

Бурацiна спынiўся, разявiў рот...

- Хлусiш!

Лiсiца села на хвост, аблiзнулася:

- Я табе зараз растлумачу. У Краiне Дурняў ёсць чароўнае поле, называецца Поле Цудаў... На гэтым полi выкапай ямку, скажы тры разы: "Крэкс, фэкс, пэкс", пакладзi ў ямку залаты, засып зямлёй, зверху пасып соллю, палi як след вадой i iдзi спаць. Да ранiцы з ямкi вырасце невялiкае дрэўца, на iм замест лiсця будуць вiсець залатыя манеты. Зразумеў?

Бурацiна ажно падскочыў.

- Хлусiш!

- Хадзем, Базiлiо, - пакрыўджана зморшчыўшы нос, сказала лiсiца, - нам не вераць - i не трэба...

- Не, не, - закрычаў Бурацiна, - веру, веру!.. Хадземце хутчэй у Краiну Дурняў!..

У харчэўнi "Трох печкуроў"

Бурацiна, лiсiца Алiса i кот Базiлiо спусцiлiся з гары i iшлi, iшлi - праз палi, вiнаграднiкi, праз сасновы бор, выйшлi да мора i зноў павярнулi ад мора, праз той жа бор, вiнаграднiкi...



16 из 69