Гарадок на ўзгорку i сонца над iм паказвалiся то справа, то злева...

Лiсiца Алiса гаварыла, уздыхаючы:

- Ах, не так гэта лёгка трапiць у Краiну Дурняў, усе лапы сатрэш...

Пад вечар яны ўбачылi збоку ад дарогi стары дом з плоскiм дахам i з шыльдай над уваходам: харчэўня "Трох печкуроў".

Гаспадар выбег насустрач гасцям, сарваў з лысай галавы шапачку i нiзка кланяўся, просячы зайсцi.

- Не шкодзiла б нам падсiлкавацца хоць сухой скарыначкай, - сказала лiсiца.

- Хоць скарыначкай хлеба пачаставалi б, - паўтарыў кот.

Зайшлi ў харчэўню, селi каля камiнка, дзе на ражнах i скавародках смажылася ўсялякая ўсялячына.

Лiсiца ўвесь час аблiзвалася, кот Базiлiо паклаў лапы на стол, вусатую морду - на лапы, утаропiўся на яду.

- Гэй, гаспадар, - важна сказаў Бурацiна, - дайце нам тры скарыначкi хлеба...

Гаспадар ледзь не ўпаў нiцма ад здзiўлення, што такiя паважаныя госцi так мала патрабуюць.

- Вясёленькi, дасцiпненькi Бурацiна жартуе з вамi, гаспадар, - захiхiкала лiсiца.

- Ён жартуе, - буркнуў кот.

- Дайце тры скарыначкi хлеба i да iх - вунь таго цудоўна засмажанага баранчыка, - сказала лiсiца, - i яшчэ тое гусяня, ды два галубы на ражончыку, ды, бадай-што, яшчэ пячоначкi...

- Шэсць штук самых тлустых карасёў, - загадаў кот, - i дробнай рыбы сырой на закуску.

Карацей кажучы, яны ўзялi ўсё, што было на камiнку; для Бурацiна засталася адна скарыначка хлеба.

Лiсiца Алiса i кот Базiлiо з'елi ўсё разам з касцямi. Жываты ў iх надзьмулiся, морды заблiшчалi.

- Адпачнем гадзiнку, - сказала лiсiца, - а роўна апоўначы выйдзем. Не забудзьце нас пабудзiць, гаспадар...

Лiсiца i кот развалiлiся на двух мяккiх ложках, захраплi i засвiсталi. Бурацiна прыкархнуў у кутку на сабачай падсцiлцы...



17 из 69