Там, лежачы на прэлых лiстах, П'еро шэптам пачаў расказваць яму:

- Разумееш, Бурацiна, аднойчы ноччу шумеў вецер, лiў дождж як з вядра...

П'еро расказвае, якiм чынам ён, верхам на зайцы, трапiў у Краiну Дурняў

- Разумееш, Бурацiна, аднойчы ноччу шумеў вецер, лiў дождж як з вядра. Сiньёр Карабас Барабас сядзеў каля камiнка i курыў люльку. Усе лялькi ўжо спалi. Я адзiн не спаў. Я думаў пра дзяўчынку з блакiтнымi валасамi...

- Знайшоў пра каго думаць, вось дурань, - перабiў Бурацiна. - Я ўчора ўвечары ўцёк ад гэтай дзяўчынкi - з каморкi з павукамi...

- Як! Ты бачыў дзяўчынку з блакiтнымi валасамi? Ты бачыў маю Мальвiну?

- Падумаеш - дзiва! Плакса i прыставайла...

П'еро ўсхапiўся, размахваючы рукамi.

- Вядзi мяне да яе... Калi ты мне паможаш знайсцi Мальвiну, я табе адкрыю таямнiцу залатога ключыка...

- Як! - закрычаў Бурацiна радасна. - Ты ведаеш таямнiцу залатога ключыка?

- Ведаю, дзе ключык ляжыць, як яго дастаць, ведаю, што iм трэба адамкнуць адны дзверцы... Я падслухаў таямнiцу, i таму сiньёр Карабас Барабас шукае мяне з палiцэйскiмi сабакамi.

Бурацiна страшэнна захацелася зараз жа пахвалiцца, што таямнiчы ключык ляжыць у яго ў кiшэнi. Каб не прагаварыцца, ён сцягнуў з галавы каўпачок i запхнуў яго ў рот.

П'еро ўпрошваў весцi яго да Мальвiны. Бурацiна пры дапамозе пальцаў растлумачыў гэтаму дурылу, што зараз цёмна i небяспечна, а вось калi развiднее - яны пабягуць да дзяўчынкi.

Прымусiўшы П'еро зноў схавацца пад кусты мiмозы, Бурацiна прамовiў шарсцяным голасам, паколькi рот яго быў заткнуты каўпачком:

- Шашкажвай...

- Дык вось, - аднойчы ноччу шумеў вецер...

- Пра гэта ты ўжо шашкажваў...

- Дык вось, - працягваў П'еро, - я, разумееш, не сплю i раптам чую: у акно нехта моцна пастукаў...

Сiньёр Карабас Барабас забурчаў: "Каго гэта прынесла ў такое сабачае надвор'е?"



35 из 69