
Раптам шэры камячок зноў пераскочыў дарогу. Бурацiна паспеў разгледзець, што гэта заяц, а на iм верхам, трымаючы яго за вушы, сядзiць бледны маленькi чалавечак.
З адхону пасыпалiся каменьчыкi, - бульдогi ўслед за зайцам пераскочылi дарогу, i зноў усё зацiхла.
Бурацiна бег так шпарка, што зоркi цяпер, як шалёныя, iмчалiся за чорнымi галiнамi.
Трэцi раз шэры заяц пераскочыў дарогу. Маленькi чалавечак, зачапiўшыся галавой за галiну, скiнуўся з яго спiны i шлёпнуўся проста пад ногi Бурацiна.
- Ррр-гаў! Трымай яго! - праскакалi ўслед за зайцам палiцэйскiя бульдогi: вочы iх былi так налiты злосцю, што не заўважылi нi Бурацiна, нi бледнага чалавечка.
- Бывай, Мальвiна, бывай назаўсёды! - плаксiвым голасам прапiшчаў чалавечак.
Бурацiна нахiлiўся над iм i са здзiўленнем убачыў, што гэта быў П'еро ў белай кашулi з доўгiмi рукавамi.
Ён ляжаў галавой унiз у каляiне i, вiдаць, лiчыў сябе ўжо мёртвым i прапiшчаў загадкавую фразу: "Бывай, Мальвiна, бывай назаўсёды!" развiтваючыся з жыццём.
Бурацiна пачаў яго трэсцi, пацягнуў за нагу, - П'еро не варушыўся. Тады Бурацiна знайшоў п'яўку, што завалялася ў кiшэнi, i прыставiў яе да носа чалавечка, якi ўжо не дыхаў.
П'яўка, доўга не думаючы, цапнула яго за нос, П'еро шпарка сеў, закiваў галавой, адарваў п'яўку i прастагнаў:
- Ах, я яшчэ жывы, як вiдаць!
Бурацiна схапiў яго за шчокi, белыя, як зубны парашок, цалаваў, пытаўся:
- Як ты сюды трапiў? Чаму ты iмчаўся верхам на шэрым зайцы?
- Бурацiна, Бурацiна, - адказаў П'еро, палахлiва азiраючыся, - схавай мяне хутчэй... Гэта ж сабакi гналiся не за шэрым зайцам, яны гналiся за мною... Сiньёр Карабас Барабас ловiць мяне дзень i ноч. Ён наняў у Горадзе Дурняў палiцэйскiх сабак i пакляўся схапiць мяне жывым або мёртвым.
Удалечынi зноў зацяўкалi сабакi. Бурацiна схапiў П'еро за рукаў i пацягнуў яго ў зараснiк мiмозы, усыпанай кветкамi ў выглядзе круглых жоўтых пахучых пухiркоў.
