
- Надддта мне патрэбны парады старога цвыркуна...
- Ах, Бурацiна, Бурацiна, - прагаварыў цвыркун, - пакiнь сваволiць, слухайся Карла, без патрэбы не бегай з дому i заўтра пачнi хадзiць у школу. Вось мая парада. Iнакш цябе чакаюць жахлiвыя небяспекi i страшэнныя прыгоды. За тваё жыццё я не дам i здохлай сухой мухi.
- Ччччаму? - спытаў Бурацiна.
- А вось ты пабачыш - ччччаму, - адказаў цвыркун.
- Ах ты, стогадовая казяўка-маляўка! - крыкнуў Бурацiна. - Больш за ўсё на свеце я люблю страшэнныя прыгоды. Заўтра, як толькi развiднее, уцяку з дому лазiць па платах, разбураць птушыныя гнёзды, дражнiць хлапчукоў, цягаць за хвасты сабак i кошак... Я яшчэ не тое прыдумаю!..
- Шкада мне цябе, шкада, Бурацiна, пралiеш ты горкiя слёзы.
- Ччччаму? - зноў спытаў Бурацiна.
- Таму што ў цябе дурная драўляная галава.
Тады Бурацiна ўскочыў на крэсла, з крэсла на стол, схапiў малаток i шпурнуў яго ў галаву цвыркуна.
Стары разумны цвыркун цяжка ўздыхнуў, паварушыў вусамi i папоўз за камiнак, - назаўсёды з гэтага пакоя.
Бурацiна ледзь не гiне праз уласную легкадумнасць. Тата Карла склейвае яму адзенне з каляровай паперы i купляе азбуку
Пасля здарэння з цвыркуном, якi ўмее гаварыць, у каморцы пад лесвiцай стала зусiм сумна. Дзень цягнуўся i цягнуўся. У жываце ў Бурацiна таксама было сумнавата.
Ён заплюшчыў вочы i раптам убачыў смажаную курыцу на талерцы.
Жвава расплюшчыў вочы, - курыца на талерцы знiкла.
Ён зноў заплюшчыў вочы, - убачыў талерку маннай кашы папалам з малiнавым варэннем.
Расплюшчыў вочы, - няма талеркi маннай кашы папалам з малiнавым варэннем.
Тады Бурацiна здагадаўся, што яму страшэнна хочацца есцi.
Ён падбег да камiнка i сунуў нос у кацялок, што кiпеў на агнi. Але доўгi нос Бурацiна праткнуў наскрозь кацялок, таму што, як мы ведаем, i камiнак, i агонь, i дым, i кацялок былi намаляваны бедным Карла на кавалку старога палатна.
