Бурацiна выцягнуў нос i паглядзеў у дзiрку, - за палатном у сцяне было нешта падобнае на невялiкiя дзверцы, але там было так заткана ўсё павуцiннем, што нiчога не разабраць.

Бурацiна пайшоў шукаць па ўсiх кутках, - цi не знойдзецца скарыначкi хлеба або курынай костачкi, абгрызенай кошкай.

Ах, нiчагусенькi, нiчагусенькi не было ў беднага Карла прызапашана на вячэру!

Раптам ён убачыў у кошыку са стружкамi курынае яйка. Схапiў яго, паставiў на падаконнiк i носам - цюк-цюк - разбiў шкарлупiну.

Унутры яйка пiскнуў галасок:

- Дзякуй, драўляны чалавечак.

З разбiтай шкарлупiны вылезла кураня з пухам замест хваста i з вясёлымi вачыма.

- Да пабачэння! Мама Кура даўно мяне чакае на двары.

I кураня выскачыла праз акно, - толькi яго i бачылi.

- Ой, ой, - закрычаў Бурацiна, - есцi хачу!..

Дзень, нарэшце, перастаў цягнуцца. У пакоi сцямнела.

Бурацiна сядзеў каля намаляванага агню i ад голаду пацiхеньку iкаў.

Ён убачыў: з-пад лесвiцы, з-пад падлогi паказалася тоўстая галава. Высунулася, панюхала i вылезла шэрая жывёлiна на нiзкiх лапах.

Не спяшаючыся, яна пайшла да кошыка са стружкамi, залезла туды, нюхаючы i шныпарачы, - сярдзiта зашамацела стружкамi. Мабыць, яна шукала яйка, якое разбiў Бурацiна.

Потым яна вылезла з кошыка i падышла да Бурацiна. Панюхала яго, круцячы чорным носам з чатырма доўгiмi валаскамi з кожнага боку. Ад Бурацiна ядою не пахла, - яна пайшла мiма, цягнучы за сабой доўгi тонкi хвост.

Ну, як яе было не схапiць за хвост! Бурацiна зараз жа i схапiў.

Гэта быў стары злосны пацук Шушар.

З перапуду ён, як цень, кiнуўся быў пад лесвiцу, цягнучы Бурацiна, але ўбачыў, што гэта ўсяго толькi драўляны хлапчук, - павярнуўся i з шалёнай злосцю накiнуўся, каб перагрызцi яму горла.

Цяпер ужо Бурацiна спалохаўся, выпусцiў халодны пацукоў хвост i ўскочыў на крэсла. Пацук - за iм.



7 из 69