Черный Кузьма

Заўтрашнi дзень (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

Заўтрашнi дзень

Тым летам мурашнiк перавысiў першы сук старой ялiны. Цяпер ён даходзiў да другога сука. I раптам асыпаўся, аб'ехаў, растрывожаныя мурашкi бегалi ў траве. Нехта хадзiў тут, хто не ведаў ходаў i сцежак, убiўся ў мурашнiк, набраўся голак з мурашкамi, выйшаў з узлесся ў поле i сыпаў з сябе яловымi голкамi па цалiне аж да арабiны з ададранай галiнаю. Пад арабiнай былi цэлыя камякi з мурашнiку, i вялыя з холаду мурашкi поўзалi па каструбаватай кары старой арабiны i на зямлi пад ёю. Самi яны не маглi сюды дайсцi так далёка ад лесу, у поле. Той невядомы нешта тут рабiў каля дрэва, гэта няйначай было так. Напэўна, ён i цяпер недзе тут паблiзу, ён не паспеў яшчэ далёка куды адысцiся, у мурашнiку ён нядаўна коўзаўся, сляды свежыя, i дажджы з ветрам не паспелi яшчэ ўпляскаць у зямлю пад арабiнай i на сцежцы яловых голак. I нiхто нiдзе не заўважыў, каб якi-небудзь бадзяга iшоў дзе або круцiўся полем цi лесам, шукаючы дарогi. Праўда, гэта мог быць спрактыкаваны хiтрун i прайдзiсвет, якi цiхом высачыў, што яму трэба было, i знiк сабе так, што цяпер шукай яго разам з ветрам у полi. Можа i так. Але гэта была б вялiкая ганьба таму, хто недапiльнаваў яго. I першы, каму за гэта была б, цi можа ўжо i ёсць, ганьба, гэта Коля Сушчэвiч. Ён быў цяпер вельмi ўзбуджаны i ўражаны, гэты Коля. I з дзвюх прычын. Першае - гэта тое, што сама справа была вельмi цiкавая сваёй таемнасцю. Нехта ходзiць, i нiхто яго ўбачыць не можа. А другое - гэта ж ён, Коля, праспаў у шапку таго невядомца, якi можа тут нарабiць вялiкага зла. Хоць можа гэта, калi раздумацца, быў хто-небудзь нявiнны i цiхi, а можа i не чалавек, а прыблудная жывёлiна ўбiлася ў мурашнiк i бадзялася па полi. Як бы там нi было, Коля Сушчэвiч быў вельмi ўзнепакоены. Здавалася, што ён аж схуднеў за той дзень, хоць яму i худнець лiшне не было чаго. Плечы яго былi вострыя, i здавалася, што ён занадта доўгi на рост паводле сваёй дзiцячай вёрткасцi.



1 из 55