
- Шукай бацьку. А я вярнуся.
А бачыў ён яе апошнi раз, калi на тым жа пляцы, дзе i iхнi дом быў, мацi стаяла высока, так што вiдна была адусюль з плошчы, i вочы яе не мелi спакою i шукалi ўсё навокал. Дзiцячым сваiм сэрцам ён здагадаўся, што гэта яна яго шукае ў апошнюю сваю хвiлiну. У яго, аднак жа, хапiла розуму, каб не паказацца ёй i не даць ёй новай атруты смутку бачыць яго i ведаць сваю адарванасць ад яго навек. Ён прысеў на зямлю, i сэрца яго схаладала. Ён запомнiў гэты апошнi момант: вецер трапаў распушчаныя матчыны паласы. Калi ён падняўся з зямлi i зiрнуў, усё было скончана. Мацi вiсела на тых лесках, па якiх раней фiзкультурнiкi рабiлi свае практыкаваннi. Некаторыя заўважылi: тады ж адразу, у момант вока, у Колi Сушчэвiча ўздрыганулася i пачала iснаваць над левым вокам дугаватая маршчына, i здавалася, што яна не на дзiцячым, а на старым iлбе. Так яна i асталася. Вайна цяглася, час iшоў, i маршчына не сыходзiла з iлба. Яна толькi выраўнялася i стала глыбейшая. Гэта ўжо навек. Яна надавала Колеваму твару новы, адмысловы выраз. Магло здавацца, што гэта не хлапчук-недаростак, а чалавек, што з нейкай хворасцi спынiўся на рост i старэў жывучы. Аднак жа твар яго ад часу згладжваў на сабе сляды непатрэбнай у гэтыя гады сталасцi.
