
Спачатку ён канфiскаваў самагонныя апараты, а пасля налажыўся да гладкiх прамоваў. Месяц за месяцам i год за годам, i ён засвоiў некаторыя думкi вялiкiх людзей, але браў iх не з правага, а з левага боку. Аднак жа праз год пяць сваёй службовай дзейнасцi мог, вокам не мiргнуўшы, лезцi ў спрэчкi, i нават фiласофскiя, з кiм толькi хочаш. "Усё цячэ, усё зменьваецца". Ён i гэта ўзяў сабе ў галаву. I раз як адзiн з дзеячаў раённай улады выступiў на выпускным вечары ў сярэдняй школе. Невядома, з якой прычыны, але ён тут доўга гаварыў аб тым, што ў адной кнiзе, якую ён чытаў, сказана, што нехта праз дзесяць год вярнуўся ў родныя мясцiны i застаў усё там на ранейшым месцы i без змен.
- Вучыцеся вы, - сказаў ён выпускной з дзесятага класа моладзi, бачыць праўду жыцця дыялектычна, а не так, як гэты аўтар, у якога нiшто нiдзе не цячэ i не зменьваецца, а астаецца нават i праз дзесяць год на тым жа самым месцы.
Хоць з яго прамовы нiхто нiчога i не зразумеў, аднак жа ўсё гэта мела дачыненне да яго далейшага жыцця. Пасля ўрачыстай часткi былi танцы, i ён здорава танцаваў, i асаблiва з нейкай цiхай i высокай дзяўчынай. Яна была дачка тутэйшага аптэкара, i гора яе было ў тым, што яна нямала да гэтага часу прачытала кнiг, але да поўнай меры не дачыталася, а толькi ўзварушыла свае думкi.
