Такiм парадкам гэты пасёлак так i астаўся шасцiхатным. Можна было выбрацца на большую разлегласць, дзе ў полi вырасла новая вялiкая вёска, але ў гэтым кутку людзi любiлi сваё абжытае месца i з яго не зрушылiся. Антон Крамарэвiч быў шчаслiвы яшчэ i тым, што нарэшце не жыў ужо на службе, як да часу, а асядаў на родным месцы. Гэта быў чалавек цiхмяны, добры i справядлiвы. Пра яго казалi, што ён казюлi без патрэбы не раздушыць. Але, якi б ён нi быў, раптам прыйшоў такi час, што ўвесь яго клопат пайшоў намарна i нiчога ў яго не асталося больш, як паспрабаваць вярнуцца да той старой мары. Але горыч сцiснула яму душу, i мара ператварылася ў здзеклiвае непатрэбства i атрутную прыкрасць. Сам Антон Крамарэвiч лiчыў, што ўсё здарылася праз Аляксандра Сушчэвiча, новага тут тады чалавека. Можа i так, а можа тут мела месца тая акалiчнасць, што гэты Аляксандр Сушчэвiч, як мог i як зносiла яго не вельмi вострая галава, стараўся ўтрымацца на той паверхнi, на якую выбiла яго бурнае ў тыя гады жыццё. Iншая справа, што гэта магло дрэнна прычынiцца да Антона Крамарэвiча. Як бы там нi было, трэба не спускаць з увагi самога факта.

Аляксандр Сушчэвiч быў у тых жа гадах, што i Антон Крамарэвiч, i людзi яны былi вельмi непадобныя адзiн на аднаго. Антон Крамарэвiч мог быць залiчаны ў натуры дробныя, якiя могуць убачыць у растрэсенай на дарозе саломе вялiкую страту. Ён выгадаваўся на хлебе, з якога ашчаджалася кожная крошка. Так складалася гэтая натура. Дык трэба ведаць, што калi ў яго выпрацавалася патрэба ставiць не абы-якую хату, а дбаць у ёй аб святле, прасторы i выгодзе, то гэта быў бунт i рух у вялiкае. Тут не трэба забываць жыватворчага подыху тых год, калi "хто быў нiчым, той рабiўся ўсiм".

Аляксандр Сушчэвiч быў родам з дробнага горада i з сям'i, у якой нязменна верылi, што найглыбейшая iснасць усяго свету ў тым, як каму пашанцуе, а на гэтым i трымаецца чалавечае жыццё. Сушчэвiчаў бацька, не ў прыклад Крамарэвiчаваму бацьку, зямлi не араў i хлеба не сеяў, а пускаў у ход дробную капейчыну i хацеў пакласцi ў кiшэню дзве.



12 из 55