- Дык што ж мне з жонкай развод браць, цi што?! - устрапянуўся збянтэжаны Крамарэвiч.

- Калi ты браў яе замуж, то ты ў мяне не пытаўся. Што ж ты цяпер пытаеш! У цябе павiнна быць свая галава на плячах.

Слабавольны Антон Крамарэвiч уныў душой. Ён пачаў думаць, што дзеля якiх-небудзь, яму невядомых, а Сушчэвiчу вядомых прычын трэба, каб ён разлучыўся з жонкай. Дык жа трэба ратавацца. Самае лепшае, каб доўга не паказвацца Сушчэвiчу на вочы. Але ж трэба канчаць хату. Ужо нямнога асталося. I вось ён надумаўся: зноў з'ехаць i астацца на чыгунцы, пакуль развеецца над яго галавой хмара, а хату няхай паспрабуе канчаць жонка, няхай наймае людзей, а грошы ён падашле. Аднак жа сталася не зусiм так, як ён думаў. Праўда, хмара i сапраўды развеялася: неўзабаве i сам Сушчэвiч пра ўсё забыў. Але адной жанчыне было занадта ўжо клопатна давесцi да заканчэння i парадку новую будынiну. Яна пiсала яму аб гэтым пiсьмо за пiсьмом. Ён жа не адважыўся так адразу назад вярнуцца. "Яшчэ год цi два", - думаў ён. Да таго ж яму вельмi спадабалася новая служба на чыгунцы. Нарэшце прыйшло пiсьмо: "Хату я накрыла, каб сцены не гнiлi, а вокны i дзверы забiла дошкамi. Няхай так стаiць сабе, пакуль усё выйдзе на лад, нейк жа скончыцца пакрысе. Дзякуй Богу, жыць ёсць дзе, дождж i ў старой хаце за карак не лье". Ён прачытаў пiсьмо i аддаўся горкай задуменнасцi. Дзень пайшоў за днём i месяц за месяцам, i не тое што год, а i два, i больш прайшло. I так нейк жылося да часу. Усё чагосьцi чакалася. I дачакалася да вялiкага няшчасця. Ужо i не пайшлi пiсьмы ад яе i дзяцей, i невядома стала, цi хаця жывыя яны асталiся.

Праз тую станцыю, дзе служыў Антон Крамарэвiч, прайшлi апошнiя цягнiкi, i немцы былi ўжо зусiм блiзка. Не тое што ад кананады, усё траслося i рвалася ад частых налётаў нямецкай авiяцыi, але ўжо i нямецкiя танкi падышлi былi да самай станцыi i зноў знiклi. Антон Крамарэвiч разам з усiмi, з кiм ён жыў i працаваў тут доўгi час, быў у знiшчальным атрадзе, якi затрымлiваў падазроных асоб, капаў супрацьтанкавыя равы, узводзiў насыпы, забiваў надаўбы, спаткаў быў нямецкiя танкi стральбой i гранатамi.



15 из 55