
I многа тут яшчэ было работы гэтаму атраду. Але яшчэ няясна было: цi астанецца атрад тут, як прыйдуць немцы. Падыходзiў апошнi момант. А на станцыi аставалiся яшчэ таварныя вагоны, цэлы эшалон. Гэта быў таварны цягнiк, у паравоз якога трапiла бомба i ранiла машынiста. Начальнiк станцыi выбраў з усiх Антона Крамарэвiча: ён ведаў, што Крамарэвiч такi чалавек, што калi ў яго не хопiць пачуцця абавязкаў давесцi справу да канца, то таксама не хопiць i смеласцi не давесцi яе да канца. Антон Крамарэвiч увесь час, некалькi гадзiн, стаяў на паравозе пры раненым машынiсце. Машынiст быў забiнтован па твары, плячах i жываце i сядзеў на высокiм табурэце. Крамарэвiч стаяў пры iм i то даваў яму пiць, то рабiў тое, што казаў яму машынiст. Без агнёў i цiхiм ходам яны адводзiлi цягнiк у тыл. Але паравоз быў сапсаваны бамбардзiроўкай, i язда была такая марудная, а нямецкiя самалёты шукалi сабе спажывы так часта, што цяжка было гнаць ад сябе безнадзейнасць. Ехалi, цi, праўдзiвей сказаць, паўзлi ўсю ноч i ранiцу i тады, калi сонца рушыла на поўдзень. Тут якраз i здарылася тое, што вырашыла далейшыя Крамарэвiчавы паводзiны: немец зверху заўважыў цягнiк i стаў над iм кружыцца. Машынiст спынiўся. Трэба думаць, што немец пачаў трацiць цягнiк са сваiх вачэй i, можа быць, каб зусiм не згубiць яго для сябе, ён бадай што на ўсялякi выпадак скiнуў увесь груз сваiх бомбаў. Гэты страшны пачастунак упаў так блiзка ад цягнiка, што паравоз i пярэднiя чатыры вагоны ўздрыганулiся, зрушылiся набок, пагнулiся i сталi нягоднымi для далейшага руху. Машынiста i Крамарэвiча выкiнула з паравоза. Крамарэвiч ачомаўся праз некалькi гадзiн, i не так сабе, а ад артылерыйскай кананады. Немцы абстрэльвалi гэтую мясцовасць з гармат. Усюды ўзнiмалiся ўзрывы. Пыл з дымам раз'ядаў вочы i грудзi. Крамарэвiч хацеў прыўзняцца i адчуў, што ранен у грудзi.