
Цi ёсць на яе гаспадар, цi не? Няхай сабе як хоча. Ён навыграбаў бульбы ў мех як панесцi мог. Вярнуўся з мехам у хату. Белы певень спаў усё на плоце. Ён лёг на цёплую печ i адразу заснуў. Перад днём выбiўся з-за хмар месяц i пачаў цьмець. Ранiца пачалася ясная. Ён прахапiўся, быццам было ў яго многа важных справаў. Зазiрнуў у акно. Белы певень дзёўб нешта пасярод двара. Ён падпалiў у печы, узяў з-пад лавы чыгун i паставiў да агню бульбу, каб хапiла i сабе, i пеўню. Управiўшыся з гэтым важданнем, ён сеў на печ, звесiў ногi i курыў. Неўзабаве дым ад яго папярос плаваў па ўсёй хаце. Круцiў ён папяросы адну за адной, смутак, як самы востры боль, пёк яму грудзi. Ён адчуў, што так не вытрымае доўга. "Толькi пераначую яшчэ адну ноч i тады сыду куды". Ён, здаецца, чуў, як iдзе час, секунда за секундай. Ён быў такi насцярожаны, што ўздрыгануўся, як ад раптоўнага грому, ад цiхага бразгату сенечнай клямкi. Як той певень ад чалавека, так ён ад гэтага гуку як бы хiстануўся ўбок, да сцяны, пасля саскочыў з печы i стаў у гатовай да ўсяго паставе. Адчынiлiся дзверы, i цераз парог пераступiў Коля Сушчэвiч. Антон Крамарэвiч убачыў перад сабою хударлявага, з абветраным вострым тварам, хлапчука, у якiм (i гэта адразу кiдалася ў вочы) нерашучасць i баязлiвасць змагалiся з самай выразнай адвагай. Можа гэта было штучна напушчанае iм на сябе, але яно было i ўладала гэтым малым, нечаканым i незнаёмым госцем. Коля Сушчэвiч бачыў перад сабой незнаёмага чалавека ў зрыжэлых ботах, у ватоўцы, з дробнымi светлымi вусамi, з вачыма, адначасна i рухавымi, i задуменнымi. Гэты незнаёмы чалавек стаяў нерухома i, здавалася, еў вачыма свайго малога госця. Так ён пiльна прыглядаўся да яго. Коля Сушчэвiч засадзiў пальцы рук за раменную сваю падпяразку на кароткай вопратцы з шэрага сукна i, здавалася, думаў i меркаваў. Антон Крамарэвiч падазрона ўглядаўся ў яго i сказаў тонам чалавека, якi не так дапытвае другога, як сам шукае апiрышча: