Самая малая душа можа змясцiць у сабе найвялiкшую ў свеце радасць. Ён прагнуў усё больш шчасця. Ён упiваўся радасцю кiдаць гранаты пад нямецкiя машыны; цэлiцца ж у матацыклiстаў i страляць у iх ён не мог многа: вiнтоўка была яму яшчэ зацяжкая. Ён лёгка пралазiў пад калючыя загарадзi, мог падгрэбцiся пад сцяну пунi i так улезцi ў яе або вылезцi з яе. Ён мог прыкiнуцца глухiм пастушком, галодным сiратой-жабраком, цiкаўным малым дурнем, вясёлым рагатуном, шукальнiкам усяго, што толькi льга згубiць i страцiць. Ён мог дапасцi да нямецкага штаба, да вартавога салдата на мосце, да вайсковай нямецкай стаянкi, палiчыць танкi i колькi салдат, папрасiць у немца закурыць, каб у таго не было падазронасцi. Ён мог абсачыць за суткi шырокi круг мясцовасцi, узяць на памяць кожны след на роснай траве, пераначаваць у нямецкай кватэры, вярнуцца яшчэ загадзя ў атрад i выслухаць пахвальбу i падзяку ад камандзiра. Так месяц за месяцам, усё больш i больш яго ясная надзея злiлася з плынню дзён, заўсёды занятых, поўных дзейнасцi, што стала яму ратункам. Ён жыў поўным жыццём. Маршчына над левым вокам хоць i аставалася на сваiм месцы, але ўжо так стала, што пакiнула надаваць усяму твару свой выраз. Яе забiла i перавысiла штосьцi iншае, што iшло з душы i свяцiлася на твары. I як жа гэта так прыйшлося, што ён нават i падумаць не можа, хто развярнуў мурашнiк i калупаўся нешта пад арабiнай у полi? Паняверка тачыла яго. Ён быў сам не свой. Цэлы той дзень яго не бачылi ў атрадзе. Змрокам дня ён вярнуўся i сказаў, што ўначы зноў пойдзе, бо яму здаецца, што напаў на тое, што трэба. Цераз ноч, калi сонца ўжо высока стаяла, ён вярнуўся i сказаў, што ў той трухлявай хаце, што стаiць крайняя ад ельнiку i ўжо многа часу пуставала, нехта жыве.

- Ты бачыў? - запыталi ў яго. - Адкуль ты ведаеш? Ты быў у гэтай хаце?

- Не быў, але нехта жыве.

- Дым з комiна iшоў? Агонь у вокнах свяцiўся? Нiчога ж гэтага не было.



5 из 55