- Не падае.

- Чаго ты хiтруеш? Ты яшчэ малы на хiтрыкi! А як немцы матку павесiлi, дык ён i тады не абазваўся?

- Не абазваўся.

- Няпраўда.

- Праўда.

- Не можа быць. Твайго бацьку бачылi на тым тыднi ў Барцёўскiм лесе. Ён i нейкiя яшчэ два з iм ляжалi на траве.

Што раптам зрабiлася з Колем! Бурная радасць, вялiкая, як увесь свет, нарадзiлася ў iм, i назаўсёды пакiнула яго нэндза, якая не давала яму спакою з таго [дня], калi ён убачыў матку на шыбенiцы. Горш за пагiбель, калi жыць без надзеi! У Колi Сушчэвiча была цяпер надзея. Ён знойдзе бацьку. Бацька прыйдзе да яго. Бацька тут недзе блiзка. Коля лёг поплеч чалавека ў шыпшыннiку i астаўся з iм. Ужо i дзень пачаў хiлiцца к вечару, а Колю Сушчэвiчу не хацелася адыходзiць ад чалавека. А як жа! Яго чаканне бацькi павiнна быць важна i гэтаму невядомцу. Так ратавалася ад адзiноты Колева душа. Ценi ад дрэў пачалi рабiцца доўгiмi, як раптам чалавек прыўзняў галаву i стаў прыслухоўвацца. Ён сказаў Колю:

- Вызiрнi на дарогу i палiчы машыны, колькi iх iдзе.

- Дзве, - сказаў Коля, углядаючыся ў дарогу.

- Кладзiся хутчэй пры мне i не варушыся!

Дзве машыны з немцамi праехалi, i яшчэ яны ляжалi з гадзiну. Пачало змяркацца, i чалавек падняўся.

- Дык дзе ж ты жывеш?

- Нiдзе, - адказаў Коля.

Сэрца яго калацiлася з радасцi. Ён зачапiўся за мэту: мэта яго чаканне бацькi - i надзея, усеабдымная, нi з чым не параўнаная, абнiмала яго.

Чалавек дарма чакаў цэлы дзень: немцы ездзiлi толькi вялiкiм гуртам, i нiводнага цярплiвы снайпер за дзень не застрэлiў. Ён пайшоў моўчкi, i так жа моўчкi Коля пайшоў з iм. Гэта было яшчэ першымi месяцамi вайны. Ужо i другi год вайны пачаўся, i ўсё так жа надзея i спадзяванне ратавалi Колеву душу. Ён ужо многа выхадзiў мясцовасцей i прывык ужо да таго, каб бачыць часта, як канчаецца прастрэлены немец. I ўсё ж не ўнiмалася скруха ў душы: нiшто ядавiтае i самая горшая атрута з атрут не маглi б выпалiць з сэрца i памяцi таго моманту, калi вецер трапаў распушчаныя матчыны валасы.



4 из 55