Вокны рабiлiся вялiкiя, павiнна было тут быць светла i прасторна, i, вiдаць, гаспадар меў густ да выгоды цi, у кожным разе, прагнуў яе. Але нейкi марны лёс скепсцiў чалавечыя замыслы. Ужо i дах з гонты пачаў чарнець, а знiзу ўсё так i асталося без завяршэння. Вераб'i снавалiся з хаты i ў хату праз шчылле ў забiтых вокнах. Жытло пуставала. Але новыя сцены выглядалi весела. Падоўжная сцяна з трыма вокнамi стаяла на поўдзень, i ў яснае надвор'е сонца свяцiла сюды. Рассыпаныя ўсюды дробныя трэскi гнiлi i зарасталi травою. Арабiна на ўзвышшы адсюль вiдна была вельмi добра. Здавалася, што вельмi блiзка адсюль гэтае дрэва. Узгорыстасць пад дрэвам зменшвала чалавечаму воку адлегласць.

Апошняя ж на гэтай паляне, туды пад лес, хата была зусiм старая i малая. Яна стаяла занадта ўжо далёка ад усiх iншых хат, прыткнутая да самага лесу, так што бадай у лесе яна стаяла. Памiж ёю i лесам была толькi гаспадарская, як праехаць аднаму з калясьмi, дарога, высланая хваёвым i яловым голлем i з выбiтым наверх карэннем прыдарожных дрэў. Каржакаватая старадрэвiна тырчала пры хаце голлем над самай дарогай, i кара на ёй унiзе была здзёрта восьмi праезджых вазоў. Хата гнiла i трухлела. Яна ставiлася на зусiм ужо старасвецкi лад: саламяная страха з тоўстым каптуром над вулiчнай сцяной, i шчыт не з стаякоў у наваратку, а з ляжачай паўтарачкi, даўно сточанай шашалем. Салома на страсе ўдзiрванела пад зялёным пластом збiтага моху i ўпарта працiвiлася дажджу i ветру, нiзкая прызба i агароджа з ляжачых жэрдак, дзе-нiдзе акораных i яшчэ здаровых. Хлявух з аполкаў i пунька са скрыўленымi сценамi яшчэ трымалiся на старым шуллi. Ляжачымi жэрдкамi перад двума вокнамi ў падоўжнай сцяне быў выгараджаны куток на расаду, цыбулю i можа кветкi. Увесь гэты плацец меў на сабе сляды таго, што тут доўга начавалi куры. Цi можа гаспадар з натуры свае быў пустадомак i не прыстроiў сваiм курам зручнейшага седала, цi можа так яму iшлося, але ўсё тут сведчыла, што жыццё тут iшло як бы да часу.



9 из 55