
Але i так сказаць: сапраўднае жытло можа тут i ўкаранiлася было вельмi даўно, калi хата толькi паставiлася i была вялiкiм здабыткам таго, хто яе ставiў. Гэта быў тагачасны панскi парабак, i хату ён зрабiў сабе на тры акны - два ад двара i адно з вулiчнай сцяны. Свой кут стаў раскошай чалавеку. Таго парабка прозвiшча было Крамарэвiч. Ужо зусiм старым чалавекам ён дажыў да рэвалюцыi i памёр у гэтай сваёй хаце, пакiнуўшы трох сыноў, жанатых i з дзецьмi. Два паспелi ўжо ўзяць сабе зямлю i выбрацца на асталяванне ў былы маёнтак. А трэцi Крамарэвiчаў сын, самы маладзейшы, астаўся дома. Пахаваўшы бацьку, ён жыў тут сабе i гадаваў свайго адзiнага сына, якому ў тыя часы было год дзесяць. Гэты дзесяцiгадовы хлапец зваўся Антонам i да часу бацькавай смерцi ўзмужаў як мае быць. Такiм парадкам яму трэба было пачынаць самастойнае жыццё якраз у часы свае ўзмужаласцi, бо гаспадарку да самай смерцi вёў бацька, а ён сам упадабаў служыць на чыгунцы: ён чакаў таго, каб хоць трохi ўзнялiся на ногi трое яго дзяцей, што нарадзiлiся за першыя тры гады пасля таго, як ён ажанiўся. Жонка яго была нездараўчаная жанчына, i з дзецьмi было клопатна. А ў яго была вялiкая прага паставiць добрую хату, прасторную i выгодную. На гэта трэба былi вялiкая турбацыя i грошы. З жонкай яны згаварылiся так: яна будзе гадаваць дзяцей i жыць у старой дзедаўскай трохаконнай хаце, а ён будзе служыць i збярэ грошай. Гэта была мара аб прасторнай хаце. Аднаму яму, са слабай здароўем жонкай i дробнымi дзецьмi адолець будоўлю было зацяжка, i ён стараўся i чакаў. Тым часам трое дзяцей узраслi, ён прызапасiў грошай, i жонка як бы выраўнялася здароўем: як мае быць яна рабiла штодзень у калгасе, i нiчагуткi. Ёсць такiя хваробы, што праходзяць з часам i следу не пакiдаюць. Трое дзяцей былi: густавалосая Ганка, няўнiмная рагатуха Алеся i разважлiвы з малых дзён Толя. Гэты вырастаў, не ў прыклад сваiм сёстрам, заўсёды як бы ў задуме, так што аж кпiлi з яго старэйшыя. Антон Крамарэвiч кiнуў службу, вярнуўся дадому i распачаў будоўлю.