- Васпан Рабо, два месцы.

Сарамлiвы ад роду Рабо нерашуча патаптаўся на месцы.

- Гэта ты мяне клiчаш? - перапытаў ён.

Толькi фурман, якога людзi празвалi "Выскалякам", хацеў адказаць грубаватым жартам, як тут Рабо потырч кульнуўся да расчыненых дзверцаў ад моцнага жончынага тумака - тумака гром-бабы з вялiзным, круглым, як бочка, жыватом i шырознымi, як пранiкi, ручышчамi.

I Рабо, нiбы пацук у нару, шмыгнуў у карэту.

- Васпан Канiво.

Пад здаравенным селянiнам, якi, пэўна, важыў болей за быка, ажно аселi рысоры, i вось ужо i ён апынуўся ў жоўтай фуры.

- Васпан Бэлём.

Падышоў сухарэбры Бэлём; галава ў яго была схiлена набок, ён з гаротным выглядам тулiў да вуха насоўку, быццам яго мучыў моцны боль зубоў.

Усе пасажыры былi ў сiнiх блузах паўзверх дзiвакаватых старадаўнiх свiтак з чорнага альбо зеленаватага сукна - святочных строях, у якiх сяляне пакажуцца толькi на вулiцах Гаўра; на галаве ў кожнага вежай узвышалася шаўковая каскетка - вяршыня элегантнасцi ў нармандскай вёсцы.

Сезэр Арлавiль зачынiў дзверцы ў будзе, ускараскаўся на сваё сядзенне i ляснуў пугай.

Канякi толькi матлянулi галовамi, i глуха зазвiнелi шамкi.

Тады фурман на ўсё горла нокнуў i наводмаш сцебануў па конях. Яны занепакоiлiся, тузанулiся i няроўным, няспешным трушком рушылi ў дарогу. А ззаду, калоцячыся ўсiмi расхiстанымi шыбкамi ды рысорным жалеззем, з жахлiвым бляшана-шкляным грукатам закалывалася карэта, i абодва рады пасажыраў, раскалыханыя, нiбы хвалi, заматлялiся то ў адзiн, то ў другi бок.

Напачатку ўсе маўчалi - з павагi да кюрэ, прысутнасць якога стрымлiвала вылiванне пачуццяў. Чалавек гаваркi i свойскi, ён першы падаў голас.

- Ну, як вы маецеся, васпан Канiво?



2 из 8