
Волат-падарожны, якога прыемна лучыла з царкоўным служкам аднолькавасць росту, плячэй i жывата, адказаў з усмешкай:
- Памаленьку, пане ойча, памаленьку. А як вы?
- Ды ў мяне заўсёды ўсё добра.
- А вашы справы як, васпан Пуарэ? - пацiкавiўся абат.
- Ат, у мяне - як у мяне. Рапс нiяк не ўрадзiў сёлета, дык трэба неяк выкручвацца.
- Што зробiш, часы цяжкiя.
- А ўжо ж пэўна што нялёгкiя, - пацвердзiў жандарскi голас пышнацелай паловы васпана Рабо.
Яна была родам з суседняга сяла, i кюрэ ведаў яе толькi па iменi.
- Гэта вы, Блёндэль? - папытаўся ён.
- Ага. Я. Замужам вось за Рабо.
Нядошлы, затурканы, але задаволены Рабо з усмешкай павiтаўся з кюрэ, у глыбокiм паклоне перагнуўся ўперад, быццам кажучы: "Гэта я-Рабо, гэта я ажанiўся з Блёндэль".
Раптам васпан Бэлём, якi ўсё затуляў насоўкай вуха, жаласна застагнаў. I пры кожным сваiм "вой... м-м... ммм..." ён ажно прытупваў нагою ад нясцерпнай пакуты.
- У вас баляць зубы? - паспачуваў кюрэ.
Селянiн на момант перастаў стагнаць i адказаў:
- Ды не... пане ойча... Не зубы... Нешта ў вуху, там... глыбока...
- Што ж там такое ў вашым вуху? Скула?
- Ды не ведаю... Мо скула, мо не скула. Але, далiбог, туды залез нейкi страшны звер, калi я спаў на сене,
- Звер? Вы ў гэта верыце?
- Дзiва што! Як у iснаванне раю веру, пане ойча! Я ж чую, як ён шалпочацца там, у вуху. Ён грызе мне галаву, далiбожачкi, грызе галаву! Вох, ммм... ммм... ммм... - i Бэлём зноў затупаў нагою.
Гэта падзея надзвычай зацiкавiла пасажыраў. Кожны меркаваў па-свойму. Пуарэ сцвярджаў, што ў вуху павук, настаўнiк - што вусень. Ён бачыў ужо нешта падобнае ў Кампмюрэ, у дэпартаменце Орн, дзе пранастаўнiчаў шэсць гадоў; дык там вусень запоўз у вуха i выпаўз цераз нос. Але чалавек аглух на адно вуха, бо вусень прадзiравiў барабанную перапонку.
- Хутчэй за ўсё гэта чарвяк, - падагулiў кюрэ.
