Базен Эрве

Здаецца мансарда (на белорусском языке)

Эрвэ Базэн

Здаецца мансарда

Пераклад: А. Мароз

Тоўстая Марта сядзела на сваiм столку i ўсё лiчыла, загiнаючы пальцы, пералiчвала, прыкiдвала, параўноўвала. На душы ў яе было неспакойна, унiзе нешта сцiскалася. Яе суседка, кансьержка з васемнаццатага, у падобным выпадку зарабiла шэсцьдзесят тысяч. Праўда, мансарда ў васемнаццатым мае, самае малое, шаснаццаць квадратных метраў. "Але ў мяне, - адзначыла Марта, - не такiя загаджаныя туалеты i вада добра даходзiць да верху". Гэта была праўда, з крана на гарышчы бiў моцны струмень, а не капала, як у васемнаццатым. Але "ў мяне"... Ад гэтай думкi яна ўсмiхнулася. Сабака, якi сцеражэ дабро, сам належыць гаспадару, але таксама адчувае сябе крыху гаспадаром, калi брэша. А калi ўдумацца, то i ўпраўляючы - гэта ўсяго толькi вялiкая аўчарка, якой таксама нiчога не належыць, ён толькi распараджаецца ад iмя гаспадара, хлапчука, якi валодае ўсiм толькi на паперы. Калi капнуць глыбей, то да чаго ж мы прыйдзем? Адкрыецца, што права - гэта неабходнасць. А Марце гэтая мансарда была неабходная... Праўда, не сама мансарда, не, жытло ў яе было, паганае, але было. Ёй было неабходна паджыцца на патрэбе, якую шмат хто меў у гэтай мансардзе. Неабходнасць гэтая была не надуманай, бо яна была зусiм без грошай, але i не надта пiльнай, бо дах над галавой яна мела. Але другарадная праблема, калi яна ваша, важнейшая за самую надзённую iншага, хiба не?

"Справа не ў гэтым, - сказала яна сама сабе, каб набрацца смеласцi. Трэба разнесцi пошту".

Яна абмацала сваё калена. Яе няўдалы мужык-люстэрнiк на сваёй праклятай рабоце, не было нiкога, каб паслаць наверх. А з гэтым каленам!.. Акрамя Адрыена была яшчэ Эмiлi, але яна спала, цi рабiла выгляд, у сваiм ложку, раскiнуўшыся на прасцiне, разамлелая, паружавелая, разам са сваёй дачкой. Яна вярнулася позна, стамiлася, яе нельга было будзiць, гэтае дзiця. Марта працягнула руку, узяла пачак лiстоў, паклала яго на цырату i трохi разарвала абгортку.



1 из 10