
Марта паважыла ў руцэ два канверты i перавярнула трэцi, каб паглядзець на штэмпель, адкуль яно адпраўлена. Для маленькiх людзей ведаць - значыць магчы, хiба не так? Потым яна рэзка адсунула пошту. Яе раптам ахапiў жах. Зусiм страцiла розум, рабiць такое! Як з гэтай мансардай: трэба будзе i махляваць, i кленчыць. Але раптам яна азiрнулася. Мадам Паке, з сёмага, вяртаючыся на сваiх каўчукавых падэшвах з царквы Сэн-Нiкэз, дзе яна давала напракат крэслы, праспявала за яе спiной:
- Мне нiчога?
- Нiчога, мадам, - буркнула Марта.
Нiчога не было. Хаця Марта працавала ўсяго восьмы дзень, яна ўжо здагадалася, што для мадам Паке нiколi не будзе нiчога важнага, толькi рэкламныя праспекты i квiтанцыi, але ёй менавiта таму i хацелася б соваць свой нос у будку кансьержкi. Заставалася толькi глядзець на яе. Яна перасунула языком напалову сасмактаны ледзянец за шчаку i застыла, нерухомая, амаль нягнуткая, прыкмячаючы беспарадак, удыхаючы пахi таннага вiна, кацiнай мачы i кiслага малака. Уся яе жвавасць засяродзiлася ў вачах i варухлiвых ноздрах. Ад усмешкi яе губы, якiя асцярожна расклеiлiся, зрабiлiся зусiм тонкiмi.
- Я таксама хацела ў вас спытацца пра тую незанятую мансарду. Я магла б каго-небудзь...
