
- Зачынiце дзверы, тут скразняк.
Марта штурхнула дзверы, машынальна правёўшы рукой па замку. Ключа не было. Ключ круцiла на пальцы бакалейшчыца. Яна нядбайна кiнула, звяртаючыся да Розы, сваёй служанкi, якая лянiва вадзiла венiкам па падлозе:
- У гэтым кутку, даражэнькая. Хiба вы не бачыце, што тут смецце?
Прыхiнуўшыся спiной да вушака, Марта з цяжкасцю даходзiла да сябе. Яна нiяк не магла пракаўтнуць вельмi вязкую слiну. Яна заўсёды пасавала перад упэўненасцю i бесцырымоннасцю багацеяў. Яна пазiрала то на вялiкiя ногi мадам Сюрмюля, у вялiзных пантофлях, то на пакорлiва схiленую Розу. Гэтая яе пакорлiвасць была заразнай. Нарэшце яна прамямлiла:
- Значыць, вам гэта падыходзiць, мадам?
- Трэба думаць, што так, - нядбайна адказала мадам Сюрмюля.
- Вядома, для вас гэта ўсяго толькi катух на гарышчы, - сказала Марта, усё больш губляючыся.
- У гэтым, як вы сказалi, катуху на гарышчы я не змагу нават захоўваць вадкiя кансервы, бо зiмой яны замерзнуць i папсуюцца, - адказала мадам Сюрмюля.
Яна замаўчала i ўладарна ткнула пальцам, паказваючы Розе на павуцiнне. Памалу Марта рабiлася больш ветлiвай i баязлiвай. За гэты катух на гарышчы кансьержка з пяцьдзесят чацвёртага давала ёй дваццаць тысяч, нават Мало далi б дзесяць. Гульня прайграная. Не разлiчыла. Толькi бедныя плацяць вялiкую цану за трушчобы. А што яна атрымае ад гэтай, якой пятнаццаць квадратных метраў пад склад - усяго толькi дробная ўдача i якая, заняўшы памяшканне, можа даць, колькi пажадае? Яе заўсёды абдурвалi, i Марта добра ведала, што нiколi нiчога не атрымаеш ад гэтых людзей, якiя разглядаюць сваё становiшча як права на прывiлеi i лiчаць дастатковым кiнуць якую-небудзь прынаду, а потым робяць незадаволены выгляд, каб паказаць, што нiчога вам не вiнаватыя, а ўзнагароду за вашу паслугу падаюць вам як мiласцiну. Вось i цяпер. Ключ круцiўся на пальцы мадам Сюрмюля, якая нават не мiргнуўшы прамармытала, сунучы кончыкамi пальцаў у хуценька раскрыты кулак Марты, якая сама сагнулася папалам, складзеную ў чатыры купюру:
