
Марта iх вельмi любiла i магла адным махам загарнуць вам цэлы тузiн, тут ёй не было роўных. Праўда, зiмой холадна, гэта адзiн з агументаў Адрыена, якi крывадушна казаў: "Ты занадта мярзлячая, - i дадаваў: - Да таго ж на гэта трэба грошы, а ў цябе няма нiводнага су", як быццам крэдыт iснаваў для сабак, а не для людзей. Вечна бурчыць, вечна баiцца зрабiць ёй прыемнае i нават не прызнаецца, што баiцца падатку, якi трэба плацiць за права гандляваць, i белага вiна, якое б ёй перападала. Жахлiвая лесвiца. Трэба абавязкова мець кагосьцi, каб пасылаць з даручэннямi наверх, калi Эмiлi i далей упарта не будзе рабiць рознiцы памiж ноччу i днём. У кожным лесвiчным пралёце было па дзевятнаццаць прыступак, i Марта адлiчвала iх па адной, трымаючыся за парэнчы, якiя хадзiлi хадуном. На трэцiм яна была ўжо ўся мокрая. Памiж чацвёртым i пятым яна была вымушана перадыхнуць i прымасцiлася краечкам сцягна на шэсцьдзесят шостай прыступцы, занадта вузкай, каб памясцiць астатняе. Але нейкi нязвыклы шум прымусiў яе ўскочыць. Над ёй, у мансардзе, нехта тупаў. У яе мансардзе. Яна голасна сказала: "Вось i добра, будзеш ведаць!" I на секунду здзiвiлася, што падумала пра пакаранне не так за сваю неасцярожнасць, як за свае падлiкi. Але гэтае прасвятленне ўжо прайшло. Яна ўспомнiла, што ёй вельмi патрэбны грошы, i адчула абурэнне, якое надало ёй сiлы. Яна стралой узляцела на самы верх i, як слон, прагрукала па калiдоры, аж калацiлiся тонкiя сцены, нават не звярнуўшы ўвагi на маленькую Мало, якая прашлёпала з эмалiраваным збанам да крана, i на мадам Паке. Мадам Паке пакiдала дзверы прачыненымi, каб лепей чуць, i праз шчылiну быў вiдаць яе плоскi профiль, яна была засяроджаная на прыгатаваннi соўсу, капаючы з двух графiнчыкаў, што служылi ёй за маслёнкi. У адзiным парыве Марта дабегла да самага парога мансарды i застыла, не могучы зрушыць з месца ад задышкi i разгубленасцi. Мадам Сюрмюля, важная i ўпэўненая ў сваiх правах, у бездакорна белай блузцы, ужо распараджалася ў памяшканнi. Яна, нават не павярнуўшы галавы, незадаволена сказала: