
Цягнiк-малютка шпарка мчаўся па крывой, i павароты былi разлiчаны так, каб пасажыры навальвалiся адзiн на аднаго.
Мадам Банiвэ пры першым штуршку ледзь не трапiла ў мае абдымкi. У гэты момант цягнiк уляцеў у тунель, адразу стала цёмна, i я дзiву даюся, як гэта магло здарыцца за некалькi секунд. Наша цела не заўсёды падпарадкоўваецца розуму. Я ўвесь час адчуваў Нэлi ў сябе на каленях i лашчыў яе, як дваццацiгадовы салдат лашчыць дзяўчыну, якую ён прывёў з сабой на кiрмаш. Я шукаў яе губы, нiчога не ўсведамляючы, яна не супрацiўлялася, i, калi нарэшце пацалаваў яе, мы выехалi са змроку ў святло. Рэзка, як па камандзе, мы абое адсунулiся i, вытрашчыўшы вочы, аслупянелыя, пазiралi адно на аднаго.
Помнiцца, я тады сiлiўся разгадаць, што напiсана ў яе на твары. Нэлi Банiвэ прывяла ў парадак валасы, спакойна глянула на мяне i не сказала нi слова. Збянтэжанасць хутка развеялася. Цягнiк ужо спыняўся каля платформы, i праз хвiлiну мы далучылiся да Банiвэ, Мадлен i двух другiх нашых спадарожнiкаў.
- Гэты кiрмашовы атракцыён не для нашага ўзросту, - з нудотай заўважыў Банiвэ, - цi не пара дадому?
Мадлен падтрымала яго, мы накiравалiся ў Порт-Мэйё, а ўжо адтуль хто куды. Цалуючы Нэлi руку на развiтанне, я прабаваў зiрнуць ёй у вочы. Яна весела размаўляла з Мадлен i адышла, так мне нiчога i не намякнуўшы.
Заснуць я не мог. Гэта нечаканая прыгода парушыла роўную плынь майго жыцця. Я наогул не быў бабнiкам, а тым больш пасля таго, як ажанiўся. Я любiў Мадлен ад усяго сэрца, i наша ўзаемнае давер'е было моцным i шчырым. Да Банiвэ я адчуваў прыхiльнасць i глыбокую ўдзячнасць. Але ўсё ж нейкi чорт мяне падбухторваў сустрэцца з Нэлi, каб хутчэй дазнацца, што азначаў яе позiрк, пасля той фатальнай хвiлiны. Здзiўленне? Гнеў? Вы ведаеце, якая фанабэрыя часам можа таiцца ў самым скромным мужчыне. Я ўявiў сабе працяглае, маўклiвае пачуццё, якое раптам абудзiлася, дзякуючы выпадку. Побач са мной на суседнiм ложку мiрна спала Мадлен.
