
На другi дзень я быў вельмi заняты i не было мне калi асаблiва думаць аб учарашнiм дзiвосным здарэннi.
На трэцi дзень мяне паклiкалi да тэлефона.
- Вас пытаюць з мiнiстэрства калонiй, - пачуўся голас у трубцы. - Не адлучайцеся, з вамi будзе гаварыць мiнiстр... Хвiлiначку...
У мяне заныла сэрца. Нiколi Банiвэ не званiў мне сам. Запрашэннi i адказы на iх звычайна паступалi ад нашых жонак. Нiякага сумнення, дадуць мне дыхту за кiрмашовую прыгоду.
- Ало! - пачуўся раптам голас Банiвэ... - А, гэта вы, Мафра?.. Вы маглi б з'явiцца зараз жа да мяне ў кабiнет?.. Так, тэрмiнова... Я вам растлумачу асабiста... Добра, чакаю!
Я павесiў слухаўку... Значыць, Нэлi належала да кодла тых агiдных iстот, што знарок спакушаюць мужчын (бо яна першая, даю вам слова, павалiлася мне на каленi), а потым прыстаюць да мужа i скардзяцца: "Ведаеш, дарэмна ты так верыш Бернару... Ён табе зусiм не сябар..." У, ненавiсiнае племя!
Шукаючы таксоўку, каб адправiцца да Банiвэ, я прабаваў угадаць, што мяне чакае. Дуэль? Я б згадзiўся ахвотна. Ва ўсякiм разе гэта самы просты выхад, але пасля вайны на дуэлях не б'юцца. Не, хутчэй за ўсё, Банiвэ пачне мяне ўпiкаць i дасць зразумець, што мiж намi ўсё скончана. Гэта быў бы канец не толькi важнага для мяне сяброўства, але i ўсёй маёй кар'еры, як-нiяк, а Банiвэ - чалавек магутны. Ёсць чуткi, што ён зойме пасаду прэм'ера.
I што тады сказаць Мадлен, як растлумачыць ёй гэты недарэчны разрыў?
Гэтыя думкi i розныя iншыя, яшчэ болей злавесныя, прыгняталi мяне па дарозе ў мiнiстэрства. Я пачаў разумець тых няшчасных людзей, што ў цяжкiм становiшчы, не маючы мужнасцi цярпець да канца, шукаюць збавення ў самагубстве.
Мне давялося некаторы час пачакаць у прыёмнай сярод шматлiкiх наведвальнiкаў i сакратароў. Маё сэрца моцна калацiлася. Каб супакоiцца, я пачаў разглядаць насценную фрэску: "Анамiты збiраюць ураджай". Нарэшце сакратар назваў маё iмя. Я ўстаў. Перада мной былi дзверы ў кабiнет мiнiстра. Што мне рабiць? Даць яму выказацца? Цi папярэдзiць прыкрую сцэну шчырым прызнаннем i споведдзю?
