
Банiвэ падняўся насустрач i пацiснуў мне руку. Я быў збянтэжаны яго ласкавасцю. А можа, ён усё ж такi здагадаўся, што здарэнне было выпадковае i ненаўмыснае?
- Перш за ўсё, - пачаў мiнiстр, - прашу прабачыць, што выклiкаў вас так спешна, але зараз вы самi зразумееце, што рашэнне трэба прымаць неадкладна. Справа вось у чым... Нэлi i я ў наступным месяцы збiраемся ў доўгае падарожжа па Заходняй Афрыцы... Я - з iнспекцыйнымi мэтамi, яна - як турыстка для новых уражанняў... Я вазьму з сабой апроч служачых мiнiстэрства таксама некалькi журналiстаў, таму што пара нарэшце французам пазнаёмiцца са сваiмi ўладаннямi... Дагэтуль я не думаў гаварыць вам пра свой намер, паколькi вы не чыноўнiк нашага мiнiстэрства i не журналiст, апроч таго, у вас ёсць служба. Але ўчора ўвечары Нэлi сказала мне, што наша падарожжа амаль супадае з вашым водпускам i што ёй прыемней бавiць час з вамi i вашай жонкай, чым з нашымi афiцыйнымi кампаньёнамi, i што, яна спадзяецца, магчымасць пабачыць Афрыку на такiх выгадных умовах павiнна спакусiць вас. Так што мяркуйце... Калi вы згодны, мы вас уключым у групу ўдзельнiкаў... Толькi мне трэба ведаць гэта зараз жа, бо ў маёй канцылярыi скончваюць складаць маршрут i спiсы.
Я падзякаваў i папрасiў даць мне некалькi гадзiн, каб параiцца з жонкай. Спачатку я быў гатовы згадзiцца. Але, застаўшыся адзiн, уявiў сабе ўсю непрыстойнасць i агiднасць гэтай напалову любоўнай iнтрыжкi ды яшчэ пад пiльным наглядам Мадлен i ў якасцi госця Банiвэ. Нэлi была прыгожая, але я сурова яе асуджаў.
Снедаючы дома, я расказаў жонцы аб нечаканай прапанове, утаiўшы, вядома, прычыны, якiмi яна была выклiкана. Я шукаў спосабу ветлiва адмовiцца. Мадлен у момант прыдумала шэраг раней узятых абавязкаў, i мы не паехалi ў Афрыку.
Я ведаю, што з гэтага часу Нэлi Банiвэ гаворыць пра мяне з iронiяй i нават з некаторай варожасцю. Наш сябар Ламбер-Леклерк нейк раз пры ёй назваў мяне магчымым кандыдатам на пасаду прэфекта дэпартамента Сены. Яна зрабiла грымасу i са здзекам прамовiла:
