
Рот у Кiта разяўляўся ўсё шырэй, i шырэй, i шырэй i разявiўся ледзь не да самага хваста. Кiт праглынуў i Марака, i яго плыт, i яго сiнiя палатняныя штаны, i падцяжкi (калi ласка, не забудзься пра падцяжкi, мой мiлы!), i нават паляўнiчы нож. Усё правалiлася ў тую цёплую i цёмную камору, якая завецца страўнiкам Кiта. Кiт аблiзнуўся - вось так! - i тры разы павярнуўся на хвасце.
Але як толькi Марак, якi быў вельмi разумны i адважны, апынуўся ў цёмнай i цёплай каморы, якая завецца страўнiкам Кiта, ён давай куляцца, брыкацца, кусацца, бiць, малацiць, i ляпаць, i тупаць, i стукаць, брынчаць, i ў такiм непадыходзячым месцы пачаў скакаць гапака, што Кiт адчуў сябе вельмi кепска. (Спадзяюся, ты не забыўся пра падцяжкi?)
I сказаў ён Малютцы-Колюшцы:
- Не падабаецца мне чалавек, не па густу. У мяне ад яго iкаўка. Што рабiць?
- Ну, дык скажы яму, каб выскачыў вон, - параiла Малютка-Колюшка.
Кiт крыкнуў у свой жа рот:
- Гэй ты, выходзь! I, глядзi, паводзь сябе як трэба. У мяне праз цябе iкаўка.
- Ну не! - сказаў Марак. - Мне i тут добра! Вось калi ты завязеш мяне да маiх родных берагоў, да белых скал Англii, тады я, можа, падумаю, выходзiць мне цi аставацца.
I ён яшчэ мацней затупаў нагамi.
- Нiчога не зробiш, вязi яго дадому, - сказада хiтрая Рыбка Кiту. - Я ж казала табе, што ён вельмi разумны i адважны.
Кiт паслухаўся i пусцiўся ў дарогу. Ён плыў i плыў, i плыў, працуючы ўсю дарогу хвастом i двума плаўнiкамi, хоць яму вельмi перашкаджала iкаўка.
Нарэшце ўдалечынi паказалiся белыя скалы Англii. Кiт падплыў да самага берага i пачаў разяўляць сваю пашчу ўсё шырэй, i шырэй, i шырэй, i шырэй - i сказаў Чалавеку:
- Пара выходзiць. Перасадка. Блiжэйшыя станцыi: Вiнчэстэр, Ашуэлот, Нашуа, Кiнi i Фiчбара.
