Ледзь ён сказаў: "Фiч!" - з рота ў яго выскачыў Марак. Гэты Марак i сапраўды быў вельмi разумны i адважны. Седзячы ў жываце ў Кiта, ён не трацiў марна часу: ножыкам пашчапаў свой плыт на тонкiя лучынкi, склаў iх крыж-накрыж i моцна звязаў падцяжкамi (цяпер ты разумееш, чаму табе не трэба было забываць пра падцяжкi!), i ў яго атрымалася рашотка, якой ён i загарадзiў Кiту горла. Пры гэтым ён сказаў чароўныя словы. Ты гэтых слоў не чуў, i я з прыемнасцю скажу iх табе. Ён сказаў:

- Паставiў я рашотку,

Кiту заткнуў я глотку.

З гэтымi словамi ён скочыў на бераг, на дробныя каменьчыкi, i пайшоў да сваёй Мамы, якая дазваляла яму хадзiць па вадзе басанож. Потым ён ажанiўся i быў вельмi шчаслiвы. Кiт таксама ажанiўся i таксама быў вельмi шчаслiвы. Але ад гэтага дня i на векi вечныя ў яго ў горле стаяла рашотка, якую ён не мог нi праглынуць, нi выплюнуць. Праз гэтую рашотку да яго ў горла трапляла толькi дробная рыбка. Вось чаму ў наш час Кiты ўжо не глытаюць людзей. Яны не глытаюць нават маленькiх хлопчыкаў i маленькiх дзяўчынак.

А хiтрая Рыбка паплыла i схавалася ў тванi пад самым парогам Экватара. Яна думала, што Кiт раззлаваўся, i баялася паказацца яму на вочы.

Марак узяў з сабою свой паляўнiчы нож. Сiнiя палатняныя штаны былi па-ранейшаму на iм, калi ён крочыў па каменьчыках каля самага мора. Але падцяжак на iм ужо не было. Яны асталiся ў горле ў Кiта. Iмi былi звязаны лучынкi, з якiх Марак зрабiў рашотку. Вось i ўсё. Гэтай казцы канец.

Калi ў вокнах каюты

Зялёная цьма,

I пырскi ўзлятаюць

Да труб,

I ўстаюць пахвiлiнна

То нос, то карма,

А слуга, што падносiць вам

Суп,

Нечакана так валiцца

У куб,

Калi хлопчык ад рання

Неадзеты сядзiць

I мяшком на падлозе

Яго нянька ляжыць,

Калi хвалi страшэнна

Равуць за кармой

I нiхто не смяецца,

Не п'е i не есць,

Вось тады для нас ясна,



3 из 73