Чакаць давялося нядоўга, бо не пасьпела яна ўбiцца ў алешнiк, як на дарозе суха зашамацелi веласiпедныя скаты i пачулася таропкае шамаценьне - гэта бiлася аб лiстоту руля Бэртрамавай стрэльбы. У першае iмгненьне яна не магла зварухнуцца ад хваляваньня, а калi, нарэшце, зварухнулася i выкулiлася з кустоў, дык ледзь ня зьбiла немца з ног i той, крутнуўшы руль, заехаў пярэднiм колам у прыдарожную канаву. Пакуль небарака выцягваў веласiпед на дарогу i папраўляў зьбiтую набакiр пiлётку, яна блытана распавяла, што сястра, дзякуючы лекам, амаль ачуняла, ступае на хворую ногу i просiць шаноўнага пана сёньня ж зайсьцi ў адведкi. Тлумачэньне давялося паўтарыць, яна нават прайшлася, прыпадаючы на левую ногу, дэманструючы, як ачунялая Соня ўпраўляецца па гаспадарцы i немец, гойкнуўшы: - Зонiа! - махнуў рукой спачатку ў бок лесасекi, а потым, дробна перабiраючы пальцамi, у бок вёскi.

Дахаты яна бегла нацянькi, спатыкаючыся на кожным кроку i маракуючы - чым яшчэ можна пачаставаць госьця. Стол быў падрыхтаваны ад ранку - на стале, у вадзiнай ацалелай талерцы, грувасьцiлiся кiславатыя папяроўкi, на сурвэцiне ляжаў парэзаны тонкiмi лустамi хлеб - Таўпiла прынёс поўбоханы за сабраныя паганкi, - а ў печы смажылася цэлая патэльня сьвiнога сала, якое яна выменяла падчас Соньчынай хваробы на бацькавы шынель. Але чагосцi ўсё ж такi не хапала i вось, чарговым разам спатыкнуўшыся, яна ўгледзела цэлую плойму летнiх апенек, якiя кусьцiлiся на пнi i сьпехам стала зьбiраць iх у хвартух.

...Грыбы сквiрчэлi i стралялi тлушчам, калi ля весьнiц бзынкнуў веласiпедны званок. Яны з Соняй разам падхапiлiся, пачалi выхоплiваць адна ў адной ашкалёпак люстэрка, абцягнулi гаматныя, прапахлыя цьвiльлю сукенкi, нарэшце паправiлi валасы на скронях i застылi ў нерухомасьцi.

Немец увайшоў не адразу: доўга тупаў у прысенку, зь лёккiм шоргатам пашнарыў рукою па сьценцы, шукаючы дзьверы, нарэшце адчынiў iх i таксама зьнерухомеў.

Першай ачулася Соня. - Праходзьце, праходзьце, - гукнула яна госьцю, госьць пераступiў парог, паставiў у кут карабiн i, ня ведаючы - чым заняць рукi, стаў расшпiльваць, а потым зноў зашпiльваць верхнi гузiк мундура.



10 из 35