
Iм бы адразу пайсьцi да стала, тым больш, што немец павёў носам i прыклаў далонь да вуха, жартаўлiва прыслухоўваючыся да сквiрчэньня тлушчу на патэльнi, але замест таго ўсе трое паселi ў кухнi i Соня пачала звонкiм голасам апавядаць як яна ляжала, ледзь жывая, а Бэртрам, задзершы калашыну, паказваў як трэба парыць ногу.
- Iа, iа, - задаволена кiваў немец, штохвiлi пацiраючы рукi i калi сястра заскакала на левай назе, ляпнуў у далонi i гучна прамовiў: - Брава, Зонiа!
Госьць гаманiў зь сястрою, абодва весела сьмяялiся i сьмех гэты казытлiва адбiваўся пад пахамi. Яна сядзела ў здранцьвеньнi, ня ведаючы - як уплiшчыцца ў размову, а калi сабралася з духам i хацела запытацца - цi сапраўды прычыняюць лесасеку, азалелы язык пралепятаў нешта зусiм iншае: - Сына як назвалi?
Немец спачатку не зразумеў, але Соня хуценька растлумачыла, паказаўшы рукамi - як мацi гушкае дзiця.
- Ага-а... Как назфалi... Лётар, - прамовiў госць, прасьвятлеўшы з твару, палез у нутраны кiшэнь, зьбiраючыся нешта паказаць, ды так i застыў з прыцiснутай да грудзiны рукою.
Знадворку грукнула, хтосьцi ўвалiўся ў прысенак i на парозе, навалiўшыся плячом на вушак, паўстаў Мiцька Дзенiсенка. Iмгненьне Мiцька стаяў, утаропiўшыся на пакатую Бэртрамаву сьпiну, а што было потым - яна ня бачыла: захiнула твар даланямi. I адразу ж цяжка здрыганулася падлога, пранiзьлiва крыкнула Соня, страшна вылаяўся Мiцька.
- О-от с-сука, на нашых дзевак галiшся? Зараз, б-ля, зьвяжам ды ў сральнi ўтопiм... Канавальчык... вяроўку!
На кароткi мiг яна адарвала ад вачэй сапрэлыя далонi: Бэртрам ляжаў тварам долу, а Мiцька Дзянiсенка тыцкаў яму ў патылiцу рулей карабiну.
- Што ён вам зрабiў? Адчапiцеся ад яго! - крыкнула скрозь сьлёзы Соня i тут жа вiскнула, атрымаўшы кухталя.
