- Давай пастаiм, пагамонiм, - гукнуў Канавальчык, але Матруна, улякнута перавёўшы дых, ускiнула касу на плячук i цiха прамовiла: - Позна ўжо.

Можа таму, што была глухаватая, Матруна нiколi не магла дачуцца суседавых крокаў. I кожны раз, калi сусед нячутна падыходзiў i дыхаў у сьпiну, яе апаноўвала злосьць. Гэтым разам злосьць шуганула праз край, увушшу зноў зазьвiнела i, зайшоўшы ў хату, яна перш-наперш сёрбнула квасу, вымыла твар халоднай вадой, а потым доўга сядзела, не запаляючы сьвятла, i слухала, як гулка тахкала ў грудзiне надарванае сэрца. Ачулася ўжо сярод ночы, калi пад вокнамi заляскатаў матацыкал i Пецька Халiмонаў штосьцi крыкнуў пляменьнiку на адвiтаньне.

Ноччу Матруна кепска спала - сон толькi на золку змарыў вочы i быў ён замарачным, мулкiм, неадчэпным. Прысьнiлася, як яны зь сястрой цягалi мяхi зь пяском, сыпалi той пясок у калодзеж i дзесьцi зусiм непадалёку - так ёй здалося ў сьне - бязладна брахалi нямецкiя аўчаркi. Можа таму, што мяхi былi цяжкiмi, на ранiцу балелi рукi, ламiла паясьнiцу i яна доўга не магла ўсесьцiся на зэдлiку, каб падаiць Зьвяздоху.

Як нi дзiўна, Лёшка таго дня падняўся а сёмай гадзiне. Раней спаў да абеду, а тут зьлез з гарышча, змачыў твар у каровiным вядры i падаўся ў вёску.

- Ты ж хоць малака папi, - гукнула ўсьлед Матруна, але пляменьнiк нават не азiрнуўся.

... У хаце мерна тахкалi ходзiкi, ля ног, скруцiўшыся абаранкам, спаў кот Базыль, сонная дрымота цьвелiла павекi i Матруна ўжо кульнулася на бок, каб паспаць якую гадзiнку, ды тут на вулцы залапатаў трактар i сон зьляцеў з павекаў. "Каго там чэрцi прыгналi?" - падумала Матруна, зiрнуўшы ў вакно. Па вулiцы, уздымаючы пыл i матляючы прымацаваным да заду каўшом, ехаў пецькавы "беларус".

- Лётае як шалёны, паратунку няма, - выдыхнула Матруна, iзноў кульнулася на бок, але вачэй не заплюшчыла, стала цiкаваць левым - чуйным вухам - куды паехаў трактар.



16 из 35