
Лёшка пакiнуў шараваць i задаў пытаньне, ад якога ў Матруны на момант спынiлася сэрца.
- А дзе яго пахавалi?
Напачатку яна прамармытала штосьцi няўцямнае, а потым стоена выдыхнула:
- У калодзеж укiнулi.
Словы зьляцелi з вуснаў, i душа, пазбыўшыся путаў, страпянулася ў грудзiне. Пляменьнiк кiнуў шараваць каску, падхапiўся на ногi, пачаў задаваць бязглуздыя пытаньнi: дзе месьцiўся той калодзеж, якое ў немца было званьне, цi вiселi на мундуры мэдалi? Матруна сядзела, ачмурэлая, штосьцi бубнела ў адказ i толькi калi Лёшка пабег са двара i крыкнуў, убiўшыся ў быльнiк: - Цi тут? ачулася i моўчкi махнула рукой.
Увесь дзень Матруна хадзiла прыгаломшаная; у грудзях пасялiўся лёгкi халадок, сэрца парывiста бiлася, усё валiлася з рук i адно пытаньне не давала пакою: "Цi варта было казаць Лёшку пра магiлу?" Увечары, падаiўшы Зьвяздоху, яна выправiлася да Карпачыхi - хацелася пагаманiць з якой жывой душой, - ды мусiла вярнуцца: сьвятла ў карпачысiнай хаце не было i на шыбах трымцела вечаровая барва. Барва трымцела на рэдкiх лужынах, на кроне старой лiпы, на высокiм быльнiку, трывожыла сэрца й займала дух. Матруне карцела некуды бегчы, карцела нешта рабiць i, падуладная такому п'янкому пачуцьцю, яна зьняла з-пад страхi касу i шпарка, амаль подбегам, рушыла ў бок канавальчыкавай хаты.
Кусьцiсты быльнiк лёг пад ногi, паветра напоўнiлася гаркавым пахам, галава зьлёгку закружылася, крылатая душа сунялася ў грудзях, i барвовая палымнiца рухавымi блiскамi адбiлася ўваччу. Абапёршыся на касiльна, Матруна ўтрапёна зiрнула пад ногi i ёй здалося, што там, глыбока пад зямлёй, хтосьцi цяжка i змучана ўздыхнуў. Яна мiжволi азiрнулася i ўбачыла суседа Канавальчыка. Сусед стаяў за сьпiнаю, з крывой усмешкай на твары разьдзьмухваў прыгаслую цыгарку.
- Што гэта ты процi ночы касiць узялася?
Тытунёвы дым казытнуў у носе, пальцы сьцiснулi касiльна i Матруне раптам да сьвербу ў пахвiне закарцела махнуць касой ды зьнесьцi з плеч пляшывую канавальчыкаву галаву. Яна ступiла крок назад, каб замахнуцца, але тут жа сунялася i сьцiжма халодных iголак кальнула патылiцу.
