- Рыхтуецца да паседжаньня Бюро. Прасiў нiкога не пускаць, - паведамiла Iя, не адрываючы вачэй ад люстэрка.

- А што... закрытае? - стоена запытаўся Мурленя.

У вадказ сакратарка роблена ўздыхнула, замутнiўшы люстэрка, i старшыня спорткамiтэту, гэткiм жа чынам - уздоўж сьцяны - падаўся ўпрочкi. Дзьверы прыёмнай цiхенька рыпнулi i абудзiлi тэлефон нутраной сувязi. Тэлефанавала Шура Неўмывакiна з прамысловага аддзелу.

- Iечка... Бюро закрытае?

- Закрытае, - прастагнала сакратарка.

- А па якiм пытаньнi?

- Не дакладваў! - слухаўка высьлiзнула з рукi, ляснулася на вагар, ды так хвацка, што з носу сакратарчынага пасыпалася пудра.

Iя i сапраўды ня ведала - пра што будуць гаманiць на паседжаньнi, таму i нэрвавалася. Iнтрыгу надавала i тое, што з вобласьцi мусiў прыехаць супрацоўнiк абласной управы КГБ. Ранiцай, калi шэф узяў яе руку i, па старой звычцы, правёў языком мiж пальцаў, яна запыталася - на якую халеру едзе чэкiст i шэф, паправiўшы гальштук, паўжартам адказаў: "Iя, сакрэты ёсьць ня толькi ў жанчын, але i ў партыйных работнiкаў".

"Божухна, у яго яшчэ ёсьць нейкiя сакрэты, - падумала Iя, згадаўшы ранiшнюю размову, - гэты ёлупень думае, што й практыкаваньнi на зялёным стале - вялiкi сакрэт. А пра iх ужо ведае апошнi сабака ў Азярышчы". Сакратарка згадала, што акурат учора ёй давялося зацiраць анучкай тое месца на стале, дзе звычайна сядзеў старшыня райвыканкаму Кабяк i, страсянуўшы кудлатай "хiмiяй", стала набiраць нумар апошняга запрошанага на паседжаньне - дырэктара райхарчпрамгандлю Ванзовiча.

А тым часам у Матрунiнай хаце, расклаўшы на двух табурэтах мэдычнае прычандальле, маладзенькая фэльчарка Нiна набiрала ў шпрыц вадкiя лекi.

- Я ж, дачушка, ужо i сама магу прыйсьцi. I карову даю, i канюшыну ўчора дакасiла, - прамаўляла цётка Матруна, казелячы вокам на шпрыц.

- Навошта ж вам хадзiць? Амбуляторыя на другiм канцы вёскi. А мне прайсьцiся - адно задавальненьне... Кашулю падымiце... - Нiна толькi сёлета скончыла мэдвучэльню i таму рабiла ўсё, як мае быць: паляпала па пэўнай мясьцiне, працёрла ледзь ня ўвесь азадак прасьпiртаванай ватай, нарэшце замружыла вочы i ўбiла iголку крыху нiжэй хвастца.



18 из 35