
Цётка Матруна хварэла. Цэлы месяц адлежала ў пасьцелi i толькi сёньня, адчуўшы палёгку, стала на ногi: падаiла ранiцою карову, потым рушыла касiць канюшыну, i Карпачысе, якая апекавала яе пад час хваробы, давялося з крыкам i гвалтам адбiраць касу.
- А што ж ты мне, дачушка, колеш? - запыталася Матруна, абцягнуўшы кашулю. - Ужо ж надта пякучыя, усё адно як жарынка заляцела...
- Спазмалiтычны сродак. Зьнiжае крывяны цiск, - фэльчарка зьняла з твару марлевую маску, з палёгкаю ўздыхнула. - Вам, Матрона Iванаўна, яшчэ паляжаць трэба пару дзён. I нiякай цяжкой працы. Адно лёгкiя прагулкi, - фэльчарка закрыла валiзу i наструнiла слых: да хаты з вуркатлiвым гудам наблiжалася легкавушка.
Яшчэ хвiлiна - i ля весьнiц, узьняўшы пылюку, спынiлася шэрая "волга". Легкавушка вуркатнула наастачу, суцiхла i зь яе вылез мужчына ў даўжэзным, мышастага колеру, плашчы i ў гэткай жа шэрай кепурцы. Мужчына ляснуў дзьверкай, нюхнуў паветра, зiрнуў на гадзiннiк.
- Госьцi да вас, Матрона Iванаўна, - пралепятала фельчарка Нiна, а цётка Матруна, прыўзьняўшыся на локцi, ўсхвалявана пралепятала: - I хто ж гэта сунецца?
У прысенку грукнулi дзьверы, ляснула вядро, пачулiся стрыманыя мацюгi, потым мяккi шоргат - мужчына шукаў у цемры дзьвярную клямку, i фельчарка, пачуўшы такое, кiнулася да дзьвярэй.
Сьпехам апранаючыся, Матруна чула, як госьць штосьцi прабубнеў, стоячы на ганку, Нiна штосьцi адказала, пасьля чаго мужчына кашлянуў i цяжкой ступою ўвайшоў у сьвятлiцу. Не сказаўшы нi слова, госьць прайшоўся ад дзьвярэй да стала, потым ад стала да дзьвярэй, нарэшце тупнуў нагой па падлозе i толькi тады адрэкамэндаваўся:
