"Хто будзе бочкi кацiць адразу паведамляй, - даляцеў да вушэй сiплы Пецькавы голас, - я хутка разьбяруся". Матруна пасьля таго перавяла дых, а пляменьнiк, прыхапiўшы грошы, скочыў на матацыкал i вярнуўся дахаты толькi на наступны дзень. Халiмонiха апавядала - у Вазярышча езьдзiлi, гулялi ў рэстаране, а потым у разьвядзёнкi начавалi.

- Пецю дваццаць гадочкаў усяго, а зблытаўся з трыццацiгадовай, - сьлёзна пажалiлася прыканцы размовы Халiмонiха. - Далiбог, паеду ў Азярышча i аблiю тую шалахвостку варам.

З таго дня пляменьнiк дзень да ночы гойсаў зь Пецькам на матацыкле i Матруна, пачуўшы на золку шалёнае матацыклетнае ляскатаньне, доўга потым не магла заснуць.

Учора, праўда, матацыкал сярод ночы не ляскатаў. Дзесьцi а першай гадзiне рыпнулi весьнiцы i па стоеным шорганьнi падэшваў Матруна зразумела, што пляменьнiк заявiўся не адзiн. Звычайна Лёшка спаў на хаце, дзе ляжала леташняе сена, цяпер жа крокi суцiхлi ля адрыны i кот Базыль, якi ўзьнiк на тле цёмна-шэрага вакна, стаў бiць нягнуткiм хвастом па падваконьнi.

Гадзiну, а можа i дзьве Матруна ляжала з шырока расплюшчанымi вачыма, слухала начныя зыкi i зьмежыла вочы толькi тады, як у прастакутнiку прасьвятлелага вакна праплылi дзьве кудлатыя галавы i кот, бязгучна вякнуўшы, скочыў на падлогу. I адразу ж цяжкая, лiпучая замарач лягла на павекi i прысьнiўся малады Каравайчык са стрэльбаю ў руках i яшчэ нехта - мяккi, хмельны, цёплы, чыё аблiчча забылася да часу, i калi ранiцою, падаiўшы карову, Матруна згадала сон, вочы ейныя паланiла пенная бель сырадою i адтуль, з глыбiнi даёнкi, усплыла разьвiтальная ўсмешка таго самага немца.

...Зьвяздоха, цяжка аддзiмаючыся, пайшла да весьнiц, а паколькi яна мела звычай класьцi ляпехi пасярод двара, гаспадыня рушыла сьледам, прыцiскаючы да верху каровiнага хваста палку-рагулю.



2 из 35