- Пагналi ўжо, - дакорлiва выдыхнуў Канавальчык, - недзе ў Зарэччы рыкаюць, цяпер i не дагонiш, - i ў падтрымку такiх словаў за сьпiнай суседавай па-блазенску голасна азвалася авечка: - М-м-еее...

Хаты iхныя стаялi наводшыбе i кожнай ранiцы даводзiлася гнаць Зьвяздоху i канавальчыкаву Машку - глумлiвую, на дзiва галасiстую авечку - да клюба, дзе зьбiраўся статак. На гэтым тыднi радоўку адбываў Канавальчык - таму стары псюк i крывiў гiмору - маўляў, праспала, а мне ганi, i Матруна, не ўздымаючы вачэй, ляснула палкай па халяве гумовага бота й голасна крыкнула: -Пайшлi ў поле!

Зьвяздоха паважна iшла пасярод вулiцы, поруч бегла авечка, трэсла закручаным хвастом; хвост, здавалася, зьвiнеў званочкам i галава поўнiлася мiлагучным звонам - як гэта заўсёды бывае з недасыпу. Паганяючы скацiнку, Матруна чухала пальцам то ў адным, то ў другiм вусе, пару разоў страсянула галавою, а дайшоўшы да павароткi азiрнулася i з палёгкай перавяла дых. Стары псюк, якi звычайна любiў стаяць на дарозе i паглядаць ёй усьлед, на гэты раз падаўся да хаты.

Сорак гадоў, лiчы, жывуць яны поруч, а ня горнецца душа да суседа... ня горнецца. Пасьля жончынай сьмерцi Канавальчык увесь сьсiвеў, схуднеў i галава ўехала ў плечы, але Матруна, як чуе ягоны голас, i дагэтуль уяўляе суседа высокiм кудлатым вахлаком, i шторазу пакутлiва ўздыхае.

Шмат што ў жыцьцi забылася, адляцела ў невараць, а тая, iх першая сустрэча, нiбыта ўчора надарылася. Матруна нават запомнiла колер нiткi, якой была зацыравана канавальчыкава пiлётка. Пад час адступленьня - а калi ж яшчэ з пiлёткi выдралi зорку i рваную дзiрку няўмела зацыравалi зялёнаю нiткай.

...Яны зь сястрой абiралi бульбу, калi на двары штосьцi зашамацела i ў вакне цёмным ценем праплыла нечая вялiзная, пазначаная руляй карабiну, постаць. Празь iмгненьне ў прысенку цяжка затупалi, закерхалi i Соня, выпусьцiўшы бульбiну, зьбялелымi вуснамi прашаптала: "Немцы!"

На парозе, аднак, паўстаў цыганаваты мужчына ў куртатым нямецкiм шынялi i ў выцьвiлай рускай пiлётцы. Мужчына моўчкi кiўнуў, зьняў з плечука карабiн, пачэрпнуў вады зь вядра i доўга пiў, казелячы вокам на аголенае Соньчына калена.



3 из 35