
Пасьля такiх слоў члены Бюро ўхвальна загаманiлi, Даўбешка - той быў узрадаваны, што яго не разьбiралi, таму i лез з пытаньнямi - гукнуў: - Што зь сябе ўяўляюць нямецкiя жэтоны? - але чэкiст ня стаў адказваць, кiўнуў гаспадару габiнэта i гэтак жа павольна, як i ўставаў, апусьцiўся на крэсла.
Члены Бюро яшчэ пару хвiлiнаў перамаўлялася, потым суцiхлi i наставiлi вочы на гаспадара габiнэту. Гаспадар сядзеў у задуменнай паставе, мерна стукаў асадкай па стале. Невядома - колькi доўжылася гэтае напружанае маўчаньне. Хвiлiну, дзьве, а можа i ўсе тры. I вось, нарэшце, гаспадар габiнэту налёг грудзiнаю на стол i здушана прамовiў:
- Мы, таварышы, ня можам прымусiць заходняга вiзытэра напiсаць пра нашыя дасягненьнi. I, магчыма, плёнам ягонага вiзыту стане фотаздымак якой-небудзь вясковай прыбiральнi на старонцы нямецкай газэты. I ўсё ж сустрэць госьця мы мусiм належным чынам, прадэманстраваўшы нашыя здабыткi i шчодрасьць славянскай душы. Гэта не мае словы, а дырэктыва абласнога камiтэта партыi, - прамоўца зрабiў кароткую паўзу i з партыйнай рашучасьцю ў голасе прамовiў: - Слова мае Куксёнак Тарзан Пятровiч.
Загадчык сельгасаддзелу спружна падхапiўся, правёў даланёй па плеху.
- Я, таварышы, толькi што з Бычкоў... Назад ехалi, сьпяшалiся i ў вынiку райкамаўская "волга" стала на рамонт, - загадчык сельгасаддзелу зiрнуў на Даўбешку i кудлатая даўбешкава галава ўехала ў плечы, не раўнуючы як сьлiмачыная галава ў ракавiну. - Да Балбекаў яшчэ неяк можна ехаць, а потым калдабан на калдабане, - Тарзан Пятровiч перавёў дых, дастаў з кiшэнi пашарпаны блякноцiк. - Хата, у якой жыве Матрона Апалонiк, пабудаваная за царом Гарохам. Масьнiчыны гнiлыя, ганак зусiм правалiўся. У хаце няма нават тэлевiзара...
- Вашыя прапановы, - перабiў Куксёнка гаспадар габiнэту i той, нi хвiлi не раздумваючы, выпалiў: - Сустрэнем немца ў доме Сьцяпана Мiканоравiча... старшынi калгаса. Дом з мансардай, паркет, санвузел... - Тарзан Пятровiч мерыўся далей разьвiваць сваю думку, але, угледзеўшы незадаволенасьць на шэфавым твары, прыкусiў нiжнюю вусну i дробна залыпаў вачамi.
