Мы, зразумела, паднялi адпаведныя дакумэнты i высьветлiлi, што яфрэйтар Бомбах i сапраўды знаходзiўся ў складзе 286-га ахоўнага палка i ў жнiўнi 43-га, падчас начнога бою, быў зьнiшчаны партызанскай групай атрада iмя Панамарэнкi. Па сьведчаньнi Зьмiцера Нiкандравiча Дзенiсенкi - былога камандзiра атрада, ён асабiста застрэлiў фашыста на ўскрайку вёскi Бычкi. Пра тое ж сьведчаць i паказаньнi здраднiка Радзiмы Рыгора Таўпiлы, якi бачыў труп забiтага фашыста.

Чэкiст на хвiлю перапынiўся i, лiзнуўшы палец, перагарнуў старонку.

- Узьнiкае яшчэ адно пытаньне: "Чаму гэта шпрынгераўскi пiсака сорак гадоў сядзеў у сваiм Гамбургу, а цяпер выправiўся ў Бычкi шукаць магiлку свайго бацькi? I цi ня ёсьць усё гэта прадуманай палiтычнай правакацыяй?" Мы высьветлiлi i гэта пытаньне i мусiм канстатаваць, што ў гэтай справе, на вялiкi жаль, замяшаныя i нашыя савецкiя людзi. А менавiта: навучэнец 49-й ленiнградзкай вучэльнi мэталiстаў Аляксей Клячкiн. Знаходзячыся на адпачынку ў сваёй цёткi, жыхаркi вёскi Бычкi Матроны Апалонiк, гэты дзяяч знайшоў на гародзе жэтон забiтага немца i, прыехаўшы ў Ленiнград, занёс яго ў нямецкi кансулят. Заўважу, таварышы, што зрабiў ён гэта далёка не з гуманных пачуцьцяў: за такiя жэтоны немцы плацяць добрыя грошы, прычым валютаю.

Пачуўшы пра валюту, грамада разам загаманiла, зарыпела крэсламi, а дырэктар райхарчпрамгандлю Ванзовiч ад хваляваньня нават укiнуў у рот цыгарэту, ды згадаўшы, што iдзе паседжаньне Бюро, пiхнуў цыгарэту ў нагрудную кiшэнь.

- У размове з работнiкам кансуляту Аляксей Клячкiн паведамiў таксама, што ягоная цётка асабiста ведала забiтага немца i гэтую вэрсiю мы цяпер спраўджваем.

- А хто яму дазволiў цягацца па кансулятах? - гукнуў з канца стала няўрымсьлiвы Даўбешка.

- Мы задалi гэтае пытаньне ленiнградзкiм таварышам... Як мы зразумелi з адказу, у паўночнай сталiцы ў гэтым пляне пануе лiбэралiзм. Калi б заходнегерманскi кансулят месьцiўся ў нас, розныя шпанюкi там бы не цягалiся.



23 из 35