
... За цэлы дзень Матруна не прамовiла нi слова - ляжала на ложку, глядзела ў столь, маркотна ўздыхала i ад уздыхаў варушылася сiвая павуцiнка, што вiсела над галавой. Увечары сяброўка паставiла на стол чыгунок парнай бульбы, паклiкала есьцi i калi Матруна адмовiлася, сiлком зацягнула да стала.
- Паеш ты, далiбог, а то памрэш з галадухi.
Есьцi i сапраўды не хацелася: Матруна распалавiнiла бульбiну, каўтнула малака, наставiла на сяброўку сумныя вочы i сяброўка, адсунуўшы ўбок талеркi, падхапiлася на ногi.
- Давай пагадаю. Уведаеш, што будзе - адразу палягчэе.
Карпачыха дастала з шафы калоду карт, ператасавала, расклала на стале, засяроджана пачухала гузаваты нос.
- Вось гэты стары псюк табе й не дае спакою, - сяброўка тыцнула пальцам у пiковага караля i ўздыхнула - глыбака i трывожна. - Чакаюць цябе нейкiя згрызоты, нейкiя размовы, а ўсё скончыцца... - Карпачыха перагарнула дагары тварам крайнюю карту, сумелася i ў гэты момант праз парог - з глухой кашлянiнай i тупаценьнем - кульнуўся зяць Казiмер.
- Хату цi зачынiлi? - запыталася цешча, i зяць, пачэрпнуўшы вады зь вядра, стомлена выдыхнуў: - Зачынiлi...
- За вас дужа не бярыся, п'янтосы няшчасныя, - прамовiла Карпачыха i з такiм iмпэтам узялася тасаваць карты, што яны высьлiзнулi з рук i пасыпалiся на падлогу.
Наступным ранкам, а восьмай гадзiне, Казiмер рушыў на працу, але неўзабаве вярнуўся i задыхана паведамiў: - Цётка Матруна! Там да вас прыехалi... Тэлевiзар прывезьлi, i ўсё такое...
- Якi целевiзе-ер, - усхвалявана прасьпявала Матруна i, апранаючыся, доўга не магла патрапiць у рукаво кацавейкi.
Яны выбеглi з Карпачыхай на падворак i ў канцы вулiцы ўгледзелi крытую машыну, а поруч зь ёю Канавальчыка ды нейкага незнаёмага мужчыну.
- Хто з вас Апалонiк? - гукнуў незнаёмец, калi жанчыны падышлi блiжэй.
