- Я-а, - дрогкiм голасам азвалася Матруна, зачапiўшы нагой сьвежую каровiну ляпеху.

- Расьпiшыцеся ў атрыманьнi... - мужчына расправiў на жываце скамечаную паперку, - тэлевiзара, люстры, паласа i журнальнага столiка.

- А калi мне што-небудзь дадуць? - пакрыўджана выдыхнуў Канавальчык. - Я, мiж iншым, ветэран вайны, маю тры баявых мэдалi.

- Наступным разам, дзед, - буркнуў мужчына i з кiслай мiнай на твары працягнуў Матруне пакамечаную паперку.

На ганак уласнай хаты Матруна ступiла, ня чуючы пад сабой ног, а пабачыўшы квяцiсты кiлiм на падлозе, маленькi стол на крывых нагах i чалавека, якi стаяў на стале i ўкручваў лямпачкi ў люстра, нават iкнула ад хваляваньня.

- Усё, цёткi, прымайце работу! - чалавек скочыў са стала, пстрыкнуў уключальнiкам i Карпачыха, што стаяла за сьпiнаю, зачаравана прашаптала: - Як у царкве.

Дзень згасаў ужо ад ранку i мяккi змрок, нiбыта дым ад бульбоўнiку, плыў у вокны, кволiўся ў вiсюлiнах казённай люстры, няроўным прастакутнiкам ляжаў на паверхнi журнальнага столiка i ў нетрах прастакутнiка цёмнай плямай вымалёўвалася нерухомая жаночая пастаць. Матруна сядзела ля вакна дробненькая, скурчаная, лядашчая i летуценна паглядала спачатку на грэйдзер, што сноўдаў па вясковай вулiцы, а потым на пакрэсьленае згалелым вецьцем неба.

"Сустракайце, Матрона Iванаўна, госьця. I не забывайце - пра што мы з вамi гаманiлi", - паведамiў учора мужчына ў капелюшы i душу Матрунiну працяў халадок трывожнага чаканьня. Адвячоркам, калi яны з Карпачыхаю мясiлi цеста для пiрагоў, Матруну пачалi бiць дрыжыкi, ноччу яе апанавала нэрвовая лiхаманка, але ранiцою iльдзiнка непакою ў душы растала i цела чарговым разам апанавала хваравiтая немач. Матруна прысела на хвiлю да вакна i, няздольная зварухнуць анiводнай сваёй цяглiцай, так i застыла ў няёмкай паставе, пазiраючы на няўтульны, колеру цьмянага волава сьвiтанак. Яна сядзела так гадзiну, а можа i дзьве, i калi неба канчаткова праясьнела, у яго прадоньнi сталi нараджацца напаўзабытыя аблiччы: гайдалася ў паветры няголеная пыса Мiцькi Дзенiсенкi; таўпiлавы сын Мiкола сарамлiва пасьмiхаўся ёй, блытаючыся ў вецьцi; i сам Таўпiла, акалелы, пакрыты бухматым iнеем, наблiзiўся да вакна i тут жа растаў, зьлiўшыся зь бязрадасным небам.



31 из 35