
Калi яна ўскочыла на ганак i расчынiла дзьверы, немец, якi дагэтуль iшоў сьледам, нечакана спынiўся й пагрозлiва запытаў: - Тыфус?
- Найн, найн... Сястра нагу прабiла, трэцiя соднi ляжыць, - i, каб было больш зразумела, яна паказала пальцам на голую пятку.
У цёмным прысенку яе апанавала дзiўнае насланьнё - на кароткую хвiлю здалося, што немец крануўся ейных клубаў i ад таго насланьня зашумела ўвушшу i сьцягнула скуру на цемi.
Соня ляжала незварушна, з заплюшчанымi вачыма. Немец крануўся краем пальцаў Соньчынага лобу, уражана зацокаў языком, потым зiрнуў на пасiнелую ногу, зацокаў зь яшчэ большай апантанасьцю, а яна стаяла, утрапёная, пасярод хаты, баючыся зварухнуцца i пазбыцца таго салодкага здранцьвеньня, што авалодала целам. I нават калi за госьцем зачынiлiся дзьверы i Соня кволам голасам запытала: "Хто гэта быў?" - не скранулася зь месца i нiчога не адказала.
Больш у той дзень сястра не прамовiла нi слова. А калi ўвечары яна ўкленчыла перад ложкам i малiтоўна прашаптала: "Соня, не маўчы, скажы хоць што-небудзь", - сястра расплюшчыла вочы i зварухнула сасьмяглымi вуснамi: "Павукi, два страшных павукi... паўзуць да нашай хаты..." Соня трызьнiла i халодны жах зiрнуў з усiх цёмных кутоў i яна, ратуючыся ад страшных павукоў, падбiлася пад коўдру i абхапiла рукамi гарачае Соньчына цела.
На золку ў шыбу пастукаў Таўпiла.
- Быў? - запытаўся сусед.
- Быў, - гукнула яна пераселым ад плачу голасам.
- Добры немец, Бэртрамам завуць. Казаў, сын у яго нарадзiўся. Можа, на радасьцях, знойдзе якiх лекаў, - Таўпiла закашляўся i неўпрыкмет, нiбыта чухаючы пераносьсе, змахнуў са шчакi слязiну.
